Канцэрт яшчэ не пачаўся, выканаўцы толькі разаграваюццца, але арганізатарам ужо давялося запрасіць пажарных, бо тут сапраўды горача на «Басовішчы». Гарадоцкія пажарныя дапамагчы беларускай моладзі заўсёды гатовыя.
«- А што, тут быў пажар быў?
– Не, вада для таго каб не было пыльна, для тых, хто пойдзе ў скокі», – тлумачыць нам Кшыштаф, пажарны.
А танчыць было з кім. У параўнанні з мінулымі гадамі сёлетняе «Басовішча» магло пахваліцца наведвальнасцю.
«Нашмат больш людзей. Я думаю, гэта відаць асабліва на намётавым мястэчку, бо амаль усе стужкі распрадаліся, такога ўжо даўно не было», – гаворыць Лідка Пякарская з Беларускага аб’яднання студэнтаў, якое арганізоўвае фэст.
І сапраўды, толькі на адной паляне гарадоцкага лесу мы налічылі больш за 100 намётаў. А гэта значыць, што на сёлетняе Басовішча прыехала прынамсі 1000 чалавек. Бо, вядома, на начлег уладкоўваюцца не ўсе.
Некаторыя ўдзельнікі прыязджаюць упершыню, некаторыя – сапраўдныя фестывальныя ветэраны. Анатоль, наведнік «Басовішча»: «Мы вось, калі гэты чалавечак яшчэ быў ва ўлоніі матулі, былі тут першы раз. А вось зараз ужо чалавечку 13 гадкоў».
Гэтага чалавечка завуць Яна, і для яе Басовішча – гэта не проста музыка: «Вельмі падабаецца, таму што засталіся беларусы. Таму што ходзіш па Менску, усе размаўляюць па-расейску, не адчвуваецца атмасфера Беларусі. А вось у Польшчы тут большая атмасфера, усе размаўляюць па-беларуску».
Ну, альбо амаль усе. Бо сярод наведнікаў фэсту можна было сустрэць не толькі беларусаў.
«Скажыце, калі ласка, з якога гораду Вы прыехалі?
– Не з Беларусі. З Варшавы.
– З Варшавы, з Польшчы?
– Так».
«Я валанцёрка з Францыі, працую на поўдні Польшчы, каля Кракава. Але прыехала на фэст, каб сустрэцца зь сяброўкай».
«Вельмі файны фэст сярод лесу, сюды прыязджаюць вельмі шчаслівыя людзі. У Італіі, [адкуль я паходжу], такія фэсты вельмі дарагія, а тут – бясплатна!».
Бясплатна для наведнікаў, але не без высілкаў для арганізатараў. Яскравая сувязь пакаленняў падляшскіх беларусаў – арганізатары першага і апошняга Басовішча – маці і дачка.
«Факт, шмат якія дзеці першых арганізатараў цяпер самыя ў коле арганізатараў сведчыць, што гэта была цудоўная ідэя», – кажа Барбара Пякарская, суарганізатарка першага «Басовішча» ў 1990 г.
«Аддалі мы гонар гэтым апошнім «Басовішчам» гэтым гуртам, якія для нас самыя важныя», – адзначае Лідка Пякарская. А сёлета сярод маладых выканаўцаў былі сапраўды і легенды беларускага року як Ігар Варашкевіч альбо Лявон Вольскі.
«Раз гэта 30-ае, і можа быць, апошняе «Басовішча». То мы Вам зграем песні…
– «Тры чарапахі«! – даносіцца ад гледачоў.
– «Тры чарапахі» мы абавязкова зграем, можа быць…»
Cёлетняе юбілейнае трыццатае «Басовішча» – сапраўды апошняе. Але ў апошні шлях яго правялі як належыць.
Вітаўт Сіўчык, «Белсат»