Навіны пра гэтак званых школьных «стралкоў» час ад часу прыходзяць з розных куткоў свету, гэтым разам трагедыя здарылася ў акупаваным Расеяй Крыме. Керч – у шоку і моліцца за здароўе параненых ды спачын загінулых.
Разам з нападнікам у Політэхнічным каледжы загінулі 16 студэнтаў і 5 выкладчыкаў. Керчынская трагедыя выявіла праблемы ў сферы ахове здароўя на анексаваным паўвостраве. Параненых з рызыкаю для іхнага стану ратаўнікі перавозілі ў больніцы Масквы ды іншых гарадоў Расеі. Шмат пытанняў і да бяспекі ў каледжы: фармальна там была ахова, але практычна – толькі вахцёрка, якая таксама атрымала раненні.
Святлана, жыхарка г. Керч, Украіна:
«Дзе была ахова, дзе была вялікая колькасць мужчынаў, што там былі? Чаму дзяцей расстрэльвалі ва ўпор, можна сказаць?»
Хадзіў з класу ў клас, спачатку кідаў гранату, пасля заходзіў і расстрэльваў з помпавай стрэльбы «Бекас». Дазвол на зброю атрымаў адразу пасля таго, як стаў поўнагадовым – 3 месяцы таму. Прынамсі два апошнія месяцы – рыхтаваўся да акцыі. На гэтым відэа Уладзіслаў набывае 250 патронаў, 150 з якіх выкарыстае падчас нападу.
Пакуль асноўнае пытанне – матывы такога кроку. Раслякоў не быў заўважаны ў сферы ўплываў радыкальных арганізацыяў ды ідэалогіяў. Паводле сведчанняў знаёмых – быў закрыты, не меў сяброў ды, імаверна, трываў здзекі з боку аднагодак.
Аднагрупнік Раслякова, тэлеграм-канал «MASH»:
«І казаў: «Ненавіджу ўсіх іх, тупых, людзей, якія ў нас вучацца ў палітэху. І было б някепска ўсіх перастраляць і самому выпіліцца».
Расейскія чыноўнікі ў акупаваным Крыме заяўляюць, што Раслякову мусіў хтосьці дапамагаць. І пытанне, ці не выкарыстаюць трагедыю для абвастрэння рэпрэсіяў датычна іншадумцаў на паўвостраве.
Святлана Пятрэнка, Следчы камітэт Расеі:
«Працягваюцца допыты выкладчыкаў каледжу, сведак і пацярпелых, стан якіх дазваляе ўдзельнічаць у следчых дзеяннях».
І не толькі. Вобшукі адбываюцца і сярод адлічаных студэнтаў каледжу. Кіруе следствам генерал-маёр Сяргей Голкін – топавы расейскі сілавік, які займаўся пажарам у «Зімняй вішні» і тэрактам у пецярбурскім метро. Уладзімір Пуцін скінуў віну за злачынства на «глабалізацыю» і камп’ютарныя гульні. Але следствам займаецца і ўкраінская пракуратура.
Пятро Парашэнка, прэзідэнт Украіны:
«Чаму гэта для нас так важна? Бо гэта ўкраінскія грамадзяне. І звычайна, дзе б ні гінулі ўкраінскія грамадзяне, гэта для нас трагедыя».
На ўсялякі выпадак былі ўзмоцненыя захады бяспекі ў навучальных установах і Расеі, і Украіны.
Алесь Залеўскі, belsat.eu