Беларус Арцём Леўшуноў – другі нумар драфту НХЛ


Імя беларускага хакеіста Арцёма Леўшунова назваў найлепшы навічок НХЛ мінулага сезону Конар Бэдард. Ужо ў наступным чэмпіянаце яны могуць згуляць разам – у форме «Чыкага Блэкгокс».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я ў захапленні. Мая мара спраўдзілася, і я шчаслівы», – сказаў Леўшуноў.

«Чыкага Блэкгокс» абраў беларускага гульца на драфце навічкоў НХЛ пад другім нумарам. Гэта найвышэйшае дасягненне для нашых хакеістаў. Папярэдні рэкорд належаў Руслану Салею, якога 28 гадоў таму выбраў дзявятым «Анагайм». Зрэшты, высокі нумар драфту яшчэ не гарантуе, што хакеіст будзе зоркай або зробіць добрую кар’еру ў самай моцнай лізе свету.

«Зараз усё залежыць ад яго. Відаць, што па чалавечых якасцях, што немалаважна там, за акіянам, хлопец вельмі прыстойны, адкрыты добразычлівы. Калі не ў гэтым, то ў наступным годзе напэўна пабачым яго ў наймацнейшай лізе свету», – разважае галоўны трэнер хакейнай зборнай Польшчы (U-18), былы галоўны трэнер ХК «Шахцёр» Андрэй Гусаў.

Арцём Леўшуноў – нарадзінец Жлобіна і гадаванец тамтэйшай хакейнай школы. Апошнія два сезоны гулец абароны правёў у юніёрскіх лігах за акіянам, дзе атрымаў надзвычай высокія ацэнкі.

«Габарытны, высокі, вельмі выніковы абаронца з добрым кідком, які ўмее і забіць, і аддаць, які выдатна выглядае ў абароне і ў атацы. Мне здаецца, што «Чыкага» зрабіў правільны выбар», – кажа Андрэй Гусаў.

Цяпер у НХЛ на сталай аснове гуляюць два беларускія легіянеры – Ягор Шаранговіч за «Кэлгары Флэймз» і Аляксей Протас за «Ўошынгтан Кэпіталз». Яшчэ дваіх – Іллю Салаўёва і Уладзіслава Калячонка – іхныя клубы эпізадычна выклікалі з мінорнай лігі. Але агульны трэнд зразумелы – найбліжэйшым часам колькасць беларусаў у НХЛ можа павялічыцца.

«Леўшуноў сказаў, што вельмі рады сёння быць у ЗША, – дадае галоўны рэдактар by.tribuna.com Алег Гаруновіч. – Думаю, яму імпануе і лад жыцця, і сістэма падрыхтоўкі. Думаю, гэта такая рэклама шмат для каго з маладых беларускіх хакеістаў, каб ехаць надалей за акіян, таму што ёсць вынік».

Як хутка Арцём Леўшуноў зможа дэбютаваць у НХЛ, стане ясна пасля трэнавальнага лагеру клубаў, які адбудзецца ў верасні. Калі беларус зробіць добрае ўражанне на трэнераў «Чыкага», то ўжо ў кастрычніку, верагодна, згуляе ў наймацнейшай хакейнай лізе свету.

Ян Федаровіч, Белсат.