Снэкі, газаваныя напоі, фаст-фуд. Гэтая ежа надзвычай папулярная сярод дзяцей і падлеткаў. Між тым Сусветная арганізацыя здароўя менавіта яе называе адною з галоўных прычынаў з’яўлення лішніх кілаграмаў.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Натуральна, варта пазбягаць пэўных прадуктаў. Але асноўнае – гэта колькі калорый ты спажываеш і колькі калорый расходуеш. Баланс вызначае набіраеш ты вагу ці не», – упэўнены лекар Аляксей Носаў.
Лішняя вага ды атлусценне могуць выклікаць цэлы шэраг праблемаў. Напрыклад, хранічныя рэспіраторныя хваробы, ускладненні апорна-рухальнага апарату, а таксама захворванні, якія ёсць прычынаю большасці смерцяў у свеце. А менавіта – сэрцава-судзінныя хваробы, а таксама рак розных органаў.
Зрэшты, звяртае ўвагу нутрыцыёлаг Алеся Трыфан, варта не запужваць дзяцей, а найперш забяспечыць ім доступ да паўнавартаснага і збалансаванага харчавання:
«Я кажу не пра курыцу, грэчку ды брокалі, а агулам пра тое, каб у харчаванні былі ўсе неабходныя прадуктовыя групы, і каб у дзіцяці быў да іх доступ. Таксама варта інфармаваць дзяцей аб карысці ягадаў, агародніны, садавіны, кашаў, рэгулярнасці прыёмаў ежы».
Цягам апошніх дзесяцігоддзяў лішняя вага робіцца ўсё большаю праблемаю для жыхароў розных краінаў свету. Беларусь не выключэнне.
Згодна звесткам Сусветнай арганізацыі здароўя, 20-25 % дзяцей і падлеткаў у нашай краіне маюць лішнюю вагу або нават атлусценне. Агулам у Еўропе гэты паказнік, дарэчы, крыху вышэйшы. Там цяпер актыўна працуюць над фармаваннем правільных харчовых паводзінаў.
«У Еўропе ўводзяць урокі па здароваму харчаванню ў школах і ўкараняюць розныя праграмы, – кажа Алеся Трыфан. – Напрыклад, у Польшчы ёсць праграма, падчас якой у гульнявой форме прывіваюць дзецям звычку есці гародніну і піць малако».
У Беларусі падобных агульнадзяржаўных праграмаў няма. Але, як зазначае Аляксей Носаў, асновы правільнага харчавання мусяць закладваць найперш бацькі.
«Сямʼя, бацькі павінныя вучыць сваіх дзяцей як жыць. Фізічная актыўнасць мусіць быць у век высокіх тэхналогіяў. Таму што ўсе сядзяць з тэлефонамі, знішчаюць хрыбетнік, набіраюць лішнюю вагу. Трэба рухацца, таму што рух – гэта жыццё», – мяркуе Аляксей Носаў.
Акрамя фізічнай актыўнасці, паведамляе Сусветная арганізацыя здароўя, для дзяцей і падлеткаў надзвычай важныя сон, абмежаванне выкарыстання электронных прыладаў ды ўключэнне ў рацыён большай колькасці садавіны і гародніны.
Між тым, згодна з прагнозам САЗ, да 2035 года толькі ў Еўропе колькасць няпоўнагадовых з атлусценнем узрасце на 61 % сярод хлопчыкаў і на 75 % сярод дзяўчат.
Ян Федаровіч, «Белсат»