Грузінская сенсацыя здарылася на футбольным «Еўра-2024»


У Нямеччыне працягваецца футбольны чэмпіянат Еўропы. Пасля завяршэння групавога этапу турнір пакінулі каманды краінаў-суседак – Украіны і Польшчы, а вось зборная Грузіі спыніла самога Крыштыяну Раналду і працягне барацьбу за трафей. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Песні, танцы і сапраўднае нацыянальнае свята. Вуліцы Тбілісі ды іншых грузінскіх гарадоў гэтаю ноччу не сціхалі ні на хвіліну. Грузінская футбольная зборная, якая праводзіць свой дэбютны чэмпіянат Еўропы, сталася аўтарам пакуль галоўнай сенсацыі турніру, прабіўшыся ў раўнд плэй-оф.

Каб выйсці з групы, грузінам трэба было перамагаць партугальцаў. Тыя датэрмінова атрымалі першае месца ў групе, але супраць Грузіі выставілі баявы склад на чале з Крыштыяну Раналду. Грузінаў, аднак, у той вечар было не спыніць. На другой хвіліне галоўная зорка Сакартвэла – Хвіча Кварацхэлія з «Напалі» – адкрыў лік. Раналду і каманда спрабавалі адказаць, нерваваліся, але прабіць грузінскага брамніка Гіёргі Мамардашвілі не здолелі.

У другім тайме Жорж Мікаўтадзэ з пенальці ўстанавіў канчатковы лік – 2:0. Грузія – у адной восьмай фіналу.

«Калі вы маленькая каманда, то ведаеце, што вам няма чаго губляць. І адзінае, што мы сказалі перад спаборніцтвам, – што б ні здарылася, мы не хочам шкадаваць пасля турніру. Шкадаваць, што, магчыма, мы не гулялі ў свой футбол ці не атрымлівалі асалоды ад гульні і турніру. Адзіная адказнасць, якая была ў нас у пачатку “Еўра”, – зрабіць так, каб грузінская нацыя ганарылася сваймі гульцамі. Я думаю, мы зрабілі гэта найлепшым чынам», – зазначыў трэнер зборнай Грузіі француз Ўілі Саннёль.

Футбольная каманда з Грузіі выйшла ў плэй-оф «Еўра-2024»
Фота: Malte Ossowski/SVEN SIMON / imago sport / Forum

Лідар грузінскай зборнай Хвіча Кварацхэлія яшчэ перад матчам апавёў пра жаданне абмяняцца футболкамі з кумірам – Крыштыяну Раналду. Мара нападніка здзейснілася, а ягоная зборная ўжо сталася аўтарам самай гучнай сенсацыі турніру.

«Я атрымаў футболку Раналду. І мы таксама выйшлі ў наступны раўнд. Мы толькі што ўвайшлі ў гісторыю. Калі ёсць хоць бы адзін адсотак шанцу і вера, то вы можаце гэта зрабіць. Мы гэта даказалі», – кажа Кварацхэлія.

«Гэта проста цуд і радасць гэтага “Еўра”. Да таго ж яны – вельмі маладая каманда. Па сеціве гуляе відэа, дзе Раналду прыязджаў у Грузію і быў у нейкай футбольнай школе. Там сярод малых, якія з ім рабілі фота, былі і Хвіча, і іншыя гульцы зборнай, якая цяпер абыграла Раналду», – кажа блогер аўтар каналу «ЧестнОК-LIVE» Аляксандр Івулін.

У іншых матчах гульнёвага дня ўдзельнікаў плэй-оф вызначалі каманды групы Е. Перад апошнім турам усе каманды квартэту мелі аднолькавую колькасць пунктаў – па тры, а скончылі з чатырма. Румыны згулялі ўнічыю са Славаччынай, а Бельгія – з Украінай. У выніку чацвёртымі лішнімі аказаліся нашыя паўднёвыя суседзі – з прычыны горшай розніцы забітых і прапушчаных мячоў Украіна сталася апошняй у групе і развіталася з турнірам.

Такім чынам, сетка плэй-оф чэмпіянату Еўропы атрымала канчатковы від. У адной восьмай грузінаў чакае зборная Іспаніі – адзін з галоўных фаварытаў турніру. Пераможца гэтай пары ў чвэрць фінале сустрэнецца з пераможцам двубою Даніі і гаспадароў турніру. У другой палове сеткі вялікія шанцы дайсці да фіналу маюць Англія і Італія.

«У фінале дакладна будзе нехта з пары Іспанія-Нямеччына, бо яны паказваюць проста неверагоднага ўзроўню футбол, а з іншай паловы сеткі – такое адчуванне, што ўсё рабілася пад праход Англіі ў фінал», – дзеліцца прагнозам Аляксандр Івулін.

Матчы стадыі плэй-оф распачнуцца на «Еўра-2024» 29 чэрвеня.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»