35 гадоў мінула з дня заснавання Таварыства беларускай мовы


«Мне здаецца, што звычайна людзі пераходзяць таму, што адчуваюць сябе беларусамі». Так мяркуе Аляксандр Залерскі, які сам перайшоў на беларускую мову ў 2020-м, яшчэ школьнікам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Напачатку я, можна сказаць, кожнае слова правяраў, ці правільна прамаўляю, глядзеў слоўнікі», – узгадвае Аляксандр.

Тое, што беларусы сёння ўсведамляюць неабходнасць размаўляць па-беларуску – вынік у тым ліку і шматгадовых высілкаў грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». Устаноўчы з’езд адной з найстарэйшых недзяржаўных беларускіх арганізацыяў адбыўся трыццаць пяць гадоў таму, яшчэ ў савецкі час.

«Пасля вайны большасць школаў у Беларусі былі беларускія, асабліва ў вёсках, з іх павыходзілі камуністычныя дзеячы, гэта была іх родная мова, мова іх бацькоў. І таму яны не працівіліся перадусім на генетычным узроўні, на ўзроўні памяці і пашаны да сваіх бацькоў і дзядоў», – тлумачыць старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве, гісторык Аляксандр Адамковіч.

Сведчанні дзейнасці Таварыства беларускай мовы бачныя як у розных мясцінах Беларусі, так і ў інфармацыйнай прасторы. Дзякуючы ТБМ, сярод іншага, паўстаў і наш тэлеканал. Арганізацыя выпускала некалькі рэгулярных выданняў, заснавала прыватны нацыянальны ўніверсітэт. У 2021-м пасля шэрагу правяранняў і ператрусаў лукашэнкаўскі Вярхоўны суд зліквідаваў Таварыства беларускай мовы.

Таварыства беларускай мовы.
Крыніца: reform.by

«Сваёй нават назваю, што гэта ТБМ, гэта ўжо замінала рэжыму. Плюс тое, што было зроблена. Вельмі шмат зроблена: і змаганне за беларускія школы, і выданне беларускіх кніжак. Я думаю, рэжым гэтага не мог дараваць арганізацыі», – мяркуе Аляксандр Адамковіч.

Паводле сучасных даследаванняў, сёння для абсалютнай большасці беларусаў родная мова застаецца важнай культурнай каштоўнасцю. Пры гэтым рэжым працягвае палітыку русіфікацыі, а праўладныя актывісты агрэсіўна выступаюць супраць беларускай мовы. Напрыклад, Святлана Жыгімонт, калі не зразумела слова «спампуйце», напісала абразлівы пост у сацсетках.

«Стварэнне перашкодаў у карыстанні беларускай мовай – гэта адное, гэта адміністратыўнае парушэнне. А вось распальванне варожасці, не той варожасці, якую нашыя апаненты нам выказваюць, што мы быццам бы распальваем варожасць… А якраз такія людзі, праўладныя актывісты, і распальваюць гэтую варожасць», – кажа юрыст, праваабаронца Ігар Случак.

Праз немагчымасць бараніць мову ў сённяшняй Беларусі Таварыства беларускай мовы аднавіла дзейнасць за мяжой. Пакуль актывісты ствараюць сетку ў Польшчы.

«У планах у нас выйсці за межы Польшчы, каб ТБМ распаўсюдзіўся паўсюль, дзе жывуць беларусы. Зразумела, тыя беларусы, якім падабаецца беларуская мова, якія хацелі б яе пашыраць у сваім асяродку», – кажа старшыня адноўленага ТБМ імя Францішка Скарыны ў Польшчы Вадзім Шышко.

Сярод праблемаў, з якімі сутыкнулася адноўленая за мяжой арганізацыя, – адарванасць ад Беларусі, немагчымасць камунікаваць з беларусамі на радзіме ды адсутнасць сродкаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»