Міжнародны дзень падтрымкі ахвяраў катаванняў: хто падтрымае беларусаў?


Сёння Міжнародны дзень падтрымкі ахвяраў катаванняў і, на вялікі жаль, беларусам гэтае даты не абмінуць. Згодна з цэнтралізаваным загадам сілавога рэжыму за кратамі нават у гэтыя хвіліны катуюць беларусаў. За тое, што пайшлі супраць дыктатара. Забіраюць перадачы, лісты, мораць у ізаляцыі, забіваюць. Ёсць таксама арганізацыі, якія збіраюць факты катаванняў, якія некалі стануць доказамі ў судзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

ДА катаванняў і ПАСЛЯ. На два этапы падзяляюць жыццё беларусы, якія хацелі падзення рэжыму, але зазналі пераслед і здзекі. Дзевяць з дзесяці катаваных – асобы з посттраўматычным стрэсавым разладам, кажа дакументатар катаванняў Станіслаў:

«Гэта ў першую чаргу праблемы са сном. Гэта, скажам так, пастаянны страх далейшага пераследу. Нават страх пасля таго, як людзі выехалі за мяжу».

Апроч пастарункаў, ізалятараў і аўтазакаў сілавікі катавалі пратэстоўцаў у мікрааўтобусах. На волі некаторыя ахвяры пазбягаюць гэтага транспарту. Асцерагаюцца паліцыянтаў у любой краіне. Маюць панічныя атакі. Чаму распавядаюць свае гісторыі?

«Для таго, каб гэта ўсё зафіксаваць і калісьці настала справядлівасць у дачыненні гэтых людзей. Каб яны аднавіліся ў сваіх правах», – працягвае дакументатар Міжнароднага камітэту ў расследаванні катаванняў у Беларусі.

Рэабілітаваць пакрыўджаных, сабраць сведчанні і дамагчыся пакарання вінаватых – галоўная задача расследавальнікаў. На піку жнівеньскіх пратэстаў што содні праз кожны сталічны пастарунак сілавікі праводзілі да 800 затрыманых – падлічылі праваабаронцы шляхам анкетавання. Плануюць сабраць статыстыку і па іншых гарадах. Ва ўсіх без вынятку адзначаныя факты жорсткага бесчалавечнага абыходжання з людзьмі.

Акцыя салідарнасці мастакоў. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

«Людзей збіваюць. Часамі стасавалі электрашокеры – з новага, скажам так. Часам ужывалі газавыя балонікі. Маглі “пшыкнуць” чалавеку. Ці надзець майку на галаву і потым “пшыкнуць”. Ці ў камеру. Некалькі выпадкаў сексуальнага гвалту ёсць (непасрэдна дручком)», – кажа заснавальнік «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усцінаў.

Шасцёра беларусаў памерлі ў зняволенні, прынамсі адзін скончыў жыццё самагубствам. Прынамсі трое памерлі на волі праз ціск або наступствы нечалавечых умоваў у ізалятарах.

Паводле праекту «dissidentby.com», сёння ў Беларусі 1566 палітвязняў. 1270 чалавек часткова або цалкам адбылі палітычныя тэрміны, 6451 – пад крымінальным пераследам.

Наўмыснае прычыненне цялесных пашкоджанняў і перавышэнне службовых паўнамоцтваў (да 10 гадоў зняволення) – гэта мінімум, які трэба інкрымінаваць кожнаму абаронцы рэжыму з так званых праваахоўных органаў – лічыць Уладзімір Жыгар, прадстаўнік «BELPOL».

«Дакладна ўсведамляючы, што ім за гэта нічога не будзе, таму што яны нібыта змагаюцца з агентамі Захаду, нібыта “прыплачаных” людзей яны рабілі, што рабілі. Гэта неймаверна жахліва, гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя».

Напярэдадні Міжнароднага дню падтрымкі ахвяраў катаванняў выйшла чарговае расследаванне, гэтым разам пра злачынствы, учыненыя з 9-га па 13-га жніўня 2020 года ў Маскоўскім РУУС Менску.

«Толькі ў нашых расследаваннях мы ад 15 да 20 чалавек (у кожным расследаванні) апазнаем. Сілавікоў РУУС. З амапаўцамі троху складаней, бо там і маскі, і не зразумела, з якіх яны канкрэтна падраздзелаў», – кажа Сяргей Усцінаў.

Дыктатура не назаўжды, а ў прававой дзяржаве знойдуць і тых катаў, што хаваліся пад балаклавамі – упэўнены заснавальнік «Прававой ініцыятывы».

А пакуль жа людзям з траўмамі неабходная дапамога – перадусім разуменнем, цярплівасцю і стварэннем даверлівых стасункаў паводле прынцыпу:

«Я адчуваю сябе ў бяспецы і паспрабую таксама падзяліцца гэтым адчуваннем бяспекі праз тое, што прымаю чалавека такім, якім ён ёсць», – кажа траўматэрапеўтка з Нямеччыны Імке Гансэн.

Катаваныя беларусы могуць атрымаць бясплатную псіхалагічную дапамогу ці прайсці лячэнне за мяжою. У гэтым дапамагаюць фонды «BYSOL», што эвакуююць рэпрэсаваных, ды ініцыятыва «BY_HELP». Падтрымліваюць іх еўрапейскія краіны ды ахвяраванні неабыякавых людзей.

Юлія Цяльпук, «Белсат»