Беларускія адвакаты адзначаюць Дзень утварэння адвакатуры ў Беларусі


Сёння – прафесійнае свята ў беларускіх адвакатаў. Адзначае яго на чвэрць менш працаўнікоў, чым чатыры гады таму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На сённяшні дзень фактычна адвакатаў няма ў Беларусі. Тое, што дае дзяржава адваката, – гэта не зусім адвакатура, бо гэта людзі, якія апантана выконваюць загады зверху», – кажа прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да Волі» Алег Кулеша.

Але людзям нічога не застаецца, як пагаджацца на дзяржаўнага абаронцу. У канцы 2021-га набылі моц змены ў заканадаўстве, што скасавалі прыватныя ўстановы ды індывідуальных адвакатаў. Гэтак улады адпомсцілі тым, хто браўся дапамагаць абвінавачаным паводле палітычных артыкулаў пасля пратэстаў дваццатага года.

«Адвакат мусіць выконваць свае функцыі, не баючыся нічога, але ў той жа час мы мусім разумець, што гэта дзяржаўны чалавек. І ягоныя дзеянні мусяць быць заснаваныя на нормах закону, а не нейкіх прыдуманых нормах – свабоды слова ды іншых свабодаў. Мы ўжо наеліся гэтай свабоды», – так Лукашэнка заяўляў у 2022-м на сустрэчы з міністрам юстыцыі Сяргеем Хаменкам.

Ён падкрэсліў тады, што менавіта Міністэрства юстыцыі мусіць кіраваць адвакатурай.

«Міжнародныя прынцыпы працы адвакатуры і існавання адвакатуры палягаюць на тым, што адвакатура – гэта мусіць быць самарэгуляваная арганізацыя, а не нейкі пададдзел Міністэрства юстыцыі», – адзначае былы адвакат Дзмітрый Лазавік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адвакат Сяргей Зікрацкі. Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле створанай летась Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека, пасля 2020 года больш як сотню адвакатаў пазбавілі права на прафесію. Больш за 250 – мусілі самастойна спыніць адвакацкую дзейнасць. Шасцёра абаронцаў адбываюць пакаранне на падставе надуманых абвінавачанняў. Гэта Максім Знак, Аляксандр Данілевіч, Віталь Брагінец, Настасся Лазарэнка, Юлія Юргілевіч, Аляксей Бародка.

«Адвакатаў засталося вельмі мала. Мы, беларускія адвакаты, якія практыкуюць за мяжой, былі ўпэўненыя, што колькасць адвакатуры будзе папоўненая за кошт следчых, пракурораў, за кошт тых людзей, якія пяройдуць з сілавых структураў. Гэтага практычна не адбылося», – кажа сябра чэшскай Палаты адвакатаў Алесь Міхалевіч.

Паводле афіцыйных звестак, на пачатак года ў Беларусі дзеялі тысяча шэсцьсот два адвакаты. Некаторыя з іх працягваюць выступаць абаронцамі ў палітычных справах, хоць і без вялікага спадзеву на апраўдальныя выракі.

«У цяперашнім становішчы галоўная функцыя адваката – гэта дапамагчы чалавеку, каб ён як мага меней атрымаў пакутаў. Зрабіць некаторыя перадачы, зрабіць заявы, бачыць чалавека. Калі да чалавека пускаюць адваката, адвакат заўжды пацікавіцца, які стан у гэтага чалавека», – кажа Алег Кулеша.

Але да многіх палітвязняў адвакатаў папросту не пускаюць. Напрыклад, чацвярых абаронцаў Ігара Лосіка або пазбавілі ліцэнзіяў, або праз ціск прымусілі з’ехаць з краіны. Цяпер зняволены блогер увогуле застаецца без абаронцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»