Двары ў Асіповічах ператвараюцца ў звалкі. Апытанне сярод нашых гледачоў паказала: колькасць жыхароў райцэнтру, якія заўважылі гэтую праблему, у чатыры разы большая, чым тых, каго задавальняе стан дваровай тэрыторыі. Але чаму смецце вывозяць нясвоечасова?
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Таму што смеццявозаў няма. Зламаліся машыны, а грошай, каб набыць новыя, няма», – адказалі нам у аўтатранспартным цэху Асіповіцкага УКП ЖКГ.
У Асіповічах, паведамілі ў камунальнай службе, толькі два смеццявозы. Адзін з іх кожнага дня выязджае ў населеныя пункты на раёне, а другі, адпаведна, абслуговае горад. Пры гэтым, адзначаюць камунальнікі, кантэйнернымі пляцоўкамі ў дварах шматпавярховікаў нярэдка карыстаюцца гаспадары сядзібаў – выкідаюць траву, галлё ды іншае смецце.
«З неабходным аб’ёмам работы машына не цалкам спраўляецца, улічваючы сезонныя перагрузкі. Нягледзячы на тое, што субота ў нас – выходны, працуем і ў гэты дзень, каб двары выглядалі больш чыстымі. Калі б яшчэ хаця адну машыну набыць, праблему можна было б закрыць», – распавёў кіроўца Асіповіцкага УКП ЖКГ у інтэрв’ю «Асіповіцкаму краю».
І пераадольваць праблему замінае не адсутнасць грошай, а прыярытэты мясцовых уладаў, мяркуе эксперт у справе мясцовага самакіравання і былы дэпутат Мастоўскага раённага савету Зміцер Кухлей:
«У тым жа Асіповіцкім раёне ў 2023 годзе бюджэты на мабілізацыю і вайсковую падрыхтоўку павялічыліся больш чым у 100 разоў. Адпаведна, гэтыя сродкі ж аднекуль бяруць і перакладаюць. Таму на сёння яны заяўляюць, што няма сродкаў на набыццё гэтых смеццявозаў або на гэтыя паслугі».
Нягледзячы на тое, што рэжым Лукашэнкі любіць хваліцца выключнаю чысцінёю беларускіх гарадоў, прыклад Асіповічаў не адзінкавы. Толькі за верасень на сметнікі ў дварах, паводле незалежных тэлеграм-каналаў, скардзіліся жыхары Берасця, Дзяржынску, Фаніпалю. Але прычына гэтага не толькі ў недасканалай працы камунальных службаў, мяркуе менеджарка «Зялёнага тэлефона» Паліна Бурко:
«Напэўна, няма такой культуры моцнай. Што вось ёсць культура сартавання смецця. Ці што людзі неяк клапоцяцца пра гэта, ці перавыкарыстоўваюць тое, што можна перавыкарыстаць. На жаль, выкідваюць, што толькі можна, ды ў адзін кантэйнер гэта сунуць. Так, гэта праблема, і трэба больш пра яе казаць, больш размаўляць, бо гэта і кліматычныя змены, гэта і нашае здароўе».
А пакуль у тых жа Асіповічах камунальнікі паступова «аздабляюць» кантэйнерныя пляцоўкі камерамі відэаназірання, каб выкрываць парушальнікаў. Тое ж робяць і ў іншых гарадах. На думку экспертаў, праблему сметнікаў у дварах гэта дапаможа развязаць толькі часткова.
Ірына Юр’ева, «Белсат»