Пад санкцыі Еўразвязу трапілі беларусы


Доўгачаканы чатырнаццаты пакет санкцыяў прыняты Еўрапейскім Звязам. Пад абмежавальныя захады трапілі расейскія кампаніі і асобы, датычныя да ваеннай агрэсіі ва Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы дадалі 69 асобаў, якія нясуць адказнасць за дзеянні супраць Украіны, і 47 юрыдычных асобаў, актывы якіх падлягаюць цяпер замарожванню. У выпадку фізічных асобаў ідзецца таксама і пра забароны на паездкі. Гэты пакет паказвае, што мы даём яшчэ адзін дакладны і вельмі моцны сігнал, што Еўразвяз гатовы падтрымліваць Украіну і яе народ», – кажа прэсавая сакратарка Еўракамісіі Франчэска Далбоні.

Ёсць у спісе і беларускія кампаніі. Гэтак, паводле рашэння, апублікаванага напярэдадні, Беларускае аптычна-механічнае аб‘яднанне «БелОМА», разам з гендырэктарам Аляксандрам Марозам цяпер пад пільнай увагай Еўразвязу. Сувязь прадпрыемства з расейскім абарончым комплексам выкрыла ініцыятыва «BELPOL» у сваім расследаванні «Оружейный барон».

«Для нас, па сутнасці, гэта быў новы досвед працы з Бруселем. Упершыню мы апрабавалі іншы падыход да працы. Дадзены кірунак будзе ўдасканальвацца – патрэбныя санкцыі не дзеля санкцыяў ці галачкі, а сапраўдныя метады ціску на рэжым Лукашэнкі», – зазначае прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Паводле «BELPOL», прадпрыемства «БелОМА» вырабляе аптычныя прыцэлы для расейскага войска: у тым ліку снайперскія, мінамётныя і гранатамётныя. А таксама збірае прывады кантактных прыладаў ПВКУ-210, якія выкарыстоўваюцца для сучасных мадэляў расейскіх танкаў.

«Гэта такі “чырвоны маячок” для ўсіх, хто будзе працаваць з “БелОма” – нават калі мы кажам пра нейкіх пасярэднікаў, у тым ліку і пра Кітай. Адназначна будуць парушацца тэрміны выканання заказаў, будуць пэўныя прастоі, будуць з’яўляцца такія “вокны магчымасцяў” для Украіны, таму што ўсё, што вырабляе “БелОМА”, пастаўляецца фактычна на перадавую», – дадае Уладзімір Жыгар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрапейская рада.
Фота: EU Council / Twitter

У санкцыйны пакет трапіў і БРСМ. Падставаю для ўключэння прадзяржаўнай моладзевай арганізацыі стала яе датычнасць да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў. У справе прымусовага вывазу асобна адзначылі дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцыва і кіраўніка БРСМ Аляксандра Лук’янава. Але падобна апошняга не моцна ўзрушыла навіна, у афіцыйным тэлеграм-канале арганізацыі ён заявіў пра ўзмацненне працы ў гэтым кірунку:

«У бліжэйшы час чарговая дэлегацыя дзяцей прыбудзе на тэрыторыю краіны. А вось гэтыя выпады заходнія толькі падкрэсліваюць бездапаможнасць правадзімай імі палітыкі».

Яшчэ раней у справе выкрадання дзяцей пад санкцыі патрапілі дзяржаўны актывіст Аляксей Талай і ягоны фонд, а таксама кіраўнік Беларускага чырвонага крыжа Дзмітрый Шаўцоў. За здзяйсненне такіх злачынстваў усім датычным можа пагражаць разбіральніцтва ў Гаагскім судзе. Над прыцягненнем да адказнасці хаўруснікаў рэжыму Лукашэнкі працуе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

«Мы перадаем і будзем перадаваць матэрыялы, якія будуць дапаўняць доказную базу тых злачынстваў ваенных, якія здзяйсняе Лукашэнка і яго памагатыя ў сувязі з незаконным вывазам украінскіх дзяцей. Мы ўжо фіксуем, што іх было вывезена больш за 3 тысячы», – зазначае кіраўнік НАУ, сябра Каардынацыйнай рады Павел Латушка.

Пакуль жа заходнія краіны папаўняюць санкцыйныя спісы новымі прозвішчамі і прадпрыемствамі, некаторыя кампаніі намагаюцца абскардзіць эканамічныя абмежаванні ў дачыненні сябе. Гэтак, МАЗ і БелАЗ чарговы раз накіравалі пазовы ў Еўрапейскі суд з патрабаваннем выключыць прадпрыемствы з чорнага спісу. Падобны запыт прамысловыя гіганты ўжо рабілі ў верасні 2021 года. Аднак тады суд Еўразвязу пакінуў рашэнне ў сіле.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»