Над пяццю вядомымі фігурантамі распачалі чарговы завочны суд


Яшчэ адзін разгляд крымінальнай справы ў фармаце спецыяльнага вядзення. На завочнай лаве падсудных – пяцёра фігурантаў. Сярод іх – Вераніка Цапкала, жонка і лідарка штабу Валерыя Цапкалы на выбарах 2020 года, кіраўніца цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом» Вольга Карач.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Так, нас абвінавачваюць у спробе дзяржаўнага перавароту з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, а таксама ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, стварэнні экстрэмісцкіх фармаванняў, штосьці там яшчэ. Карацей, нам пагражае да дванаццаці гадоў, з чым я нас усіх і віншую», – кажа Вольга Карач.

Яшчэ трое фігурантаў справы – палітолаг, былы працаўнік адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Котаў; архітэктар, раней асуджаны на тры гады “хіміі” за ўдзел у акцыі памяці Рамана Бандарэнкі Вадзім Дзмітронак; а таксама выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.

«Вераніка Цапкала напісала заяву ў суд нейкую, каб дазволілі абарону ажыццявіць, але я не збіраюся гэтага рабіць, мне гэта не трэба. Мы, магчыма, выпусцім супольны прэс-рэліз з тых пяці асобаў, што цяпер прыцягваюцца да суда, і на гэтым усё», – кажа Яўген Вільскі.

Закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь» Лукашэнка падпісаў два гады таму. Тады і ўвялі працэс спецыяльнага вядзення для тых, хто застаецца за мяжой. Звычайна ў такіх працэсах фігуранты не маюць ні кантакту з адвакатамі, ні магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі справы. Праваабаронца Леанід Судаленка падкрэслівае:

«Паводле Канстытуцыі кожны абвінавачаны мае права на роўнасць і спаборніцтва бакоў у працэсе. Акрамя таго – мае права на абарону. Спецвытворчасць для тых людзей, якія праз рэпрэсіі былі вымушаныя з’ехаць з краіны, не забяспечвае гэтых канстытуцыйных правоў беларускіх грамадзянаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Завочны суд над «BYPOL».
Фота: Белта

Праз падобны завочны суд прайшоў і сам Леанід Судаленка, атрымаўшы пяць гадоў зняволення і штраф, і іншыя знаныя беларусы. Да прыкладу, Святлану Ціханоўскую засудзілі на 15 гадоў калоніі, Паўлу Латушку далі 18 гадоў. Маёмасць асуджаных завочна адбіраюць у залік штрафаў.

«Год таму ўнеслі змены ў закон, і гэтыя штрафы цяпер сягаюць паўмільёна еўраў, у перакладзе на еўры. Учора, напрыклад, блогеру Павуку прысудзілі 60 тысяч еўра штрафу, і, канешне, потым судовыя выканаўцы ў спагнанне гэтага штрафу прыйдуць да Павука, будуць апісваць яго маёмасць», – кажа Леанід Судаленка.

Падобным чынам ужо арыштавалі кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў, дом Паўла Латушкі, гэтую нерухомасць рэжым спрабуе прадаць праз аўкцыёны.

«Як толькі ўлада зменіцца – усё вернецца. Усе дэмакратычныя краіны прайшлі праз гэта. У той жа Літве ёсць закон пра рэстытуцыю, паводле якога вяртаюць маёмасць, якую пры савецкай уладзе канфіскавалі, у час вайны, – усё вярнулася людзям. Тут будзе тое ж самае», – перакананы Яўген Вільскі.

Каб жа зафіксаваць выпадкі канфіскацыі маёмасці рэжымам у законных уладальнікаў, дэмакратычныя сілы ствараюць адмысловы рэестр. Неўзабаве блок «Еўрапейскі выбар» мусіць прадставіць адпаведную рэзалюцыю Каардынацыйнай рады.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»