Кітай апынуўся паміж Захадам і дыктатарамі Беларусі і Расеі


Лукашэнка спадзяецца, што на пачатку ліпеня ў Астане Беларусь далучыцца да Шанхайскай арганізацыі супрацы і атрымае мандат на прыняцце рашэнняў у яе межах. За гэта Лукашэнка дзякуе Расеі. А лідар галоўнай краіны ШАС – Кітаю – прымае з візітам прэзідэнта Польшчы, які прывёз у Пекін скаргі на расейскага і беларускага дыктатараў. На першага – за вайну супраць Украіны. На другога – за працяг гібрыднага ціску ў памежнай зоне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чатыры гады спатрэбілася Лукашэнку на тое, каб заслужыць чалецтва Шанхайскай арганізацыі супрацы. У 20-ым годзе нелегітымнага дыктатара прымаць не хацелі. Дапамагла Масква.

«Самым першым актам Саміту ў Астане будзе афіцыйнае прыняцце Беларусі ў паўнавартасныя чальцы ШАС», – заявіў Сяргей Лаўроў.

«Мы выканалі ўсе абявязальніцтвы, і праблемаў у далучэнні Беларусі да ШАС сёння няма. Гэта вельмі важна для Беларусі», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Геаграфічна еўрапейская Беларусь выканала ўсе фармальныя ўмовы па далучэнні да азіяцкай арганізацыі. Але гэтага не здарылася б без згоды Кітаю. Што атрымае Беларусь?

«Адзіны эфект, які гэта можа даць, – гэта палітыка-прапагандысцкі прэстыж. Маўляў, вось нас у такую крутую вялікую арганізацыю прынялі, дзе Індыя, Кітай, Расея…», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валерый Карбалевіч.

Лукашэнка зможа на больш высокім узроўні прамаўляць супраць санкцыяў Захаду. Пад час самітаў – сустракацца з кіраўнікамі краінаў-удзельніц і спрабаваць прасунуць беларускія тавары.

«Асабістыя сустрэчы лідараў (асабліва на беларускім прыкладзе) не даюць вялікага эканамічнага і гандлёвага эфекту. Колькі разоў бывала, што Лукашэнка ездзіць з візітам у нейкую краіну, а пасля гэтага візіту гандаль з гэтай краінай не павялічваецца. Наадварот – памяншаецца», – заўважыў Валерый Карбалевіч.

Сёння Менск прымаў дэлегацыю рэктараў кітайскіх ВНУ і нават ім казаў пра важнасць імпартазамяшчэння.

А з візітам у Паднябесную – палітычны вораг Лукашэнкі і Пуціна – прэзідэнт Польшчы. Анджэй Дуда дамовіўся з Сі Цзінь Пінам пра бязвізавы рэжым, праекты ў гаспадарцы, размаўлялі таксама…

«…пра ваенны канфлікт, які адбываецца сёння ў Еўропе, пра вайну, якую Расея справакавала ва Украіне, пра праблемы, якія сёння на нашай мяжы стварае ціск з боку ўладаў Беларусі, пра гібрыдную атаку, якую ўлады Беларусі прапускаюць на польскую мяжу», – распавёў медыям прэзідэнт Польшчы.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з жонкай Агатай прыбыў з афіцыйным візітам у Кітай.
Фота: прэс-служба прэзідэнта Польшчы

Анджэй Дуда, як раней Эмануэль Макрон і іншыя еўрапалітыкі, спрабаваў уплываць на Кітай у пытанні еўрапейскіх канфліктаў.

«Еўрапейцы бачаць, што Кітай сёння падтрымлівае Расею значна больш, чым еўрапейцы спадзяваліся. Гэта датычыць эканамічнай дапамогі, але таксама дапамогі Расеі атрымаць доступ да інгрэдыентаў, якія патрэбныя ёй для падтрымкі вайсковага комплексу. Кітай таксама адмовіўся ўдзельнічаць у мірным саміце ў Швейцарыі», – кажа віцэ-прэзідэнтка Даследчага інстытуту «Globsec» Алена Кудзько.

Спадзевы малыя, што Сі Цзінь Пін будзе спрыяць краінам Захаду рэалізаваць праграму вайсковай дапамогі Украіне, ці паспрабуе спыніць плынь нелегальных мігрантаў праз беларуска-еўрапейскую мяжу.

«Кітай можа націснуць на Беларусь, калі захоча. Гэта для яго танна – і палітычна і эканамічна. І калі Кітаю будзе трэба паказаць Еўразвязу, што вось Кітай робіць крокі насустрач, такі ціск можа адбыцца», – лічыць Алена Кудзько.

Сітуацыя з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы абвастрылася. Варшава разглядае імавернасць закрыцця ўсіх пунктаў пропуску. Узважвае эканамічныя страты. Кіраўнік МЗС Беларусі заявіў:

«Трэба дакладна разумець, што гэтыя заклікі і гэтыя прапановы скіраваныя не толькі і не столькі супраць польскіх грамадзянаў і польскіх рэгіёнаў, эканамічнага развіцця польскіх рэгіёнаў, колькі нацэленыя супраць грамадзянаў іншых краінаў: Еўразвязу, СНД і так званай Вялікай Еўразіі».

Рэжым па-ранейшаму адмаўляе, што плынь мігрантаў была арганізаваная мэтава.

Паміж Беларуссю і Польшчай дзейнічае толькі два з шасці пунктаў пропуску, з іх для пасажырскага злучэння толькі адзін – «Берасце-Тэрэспаль».

Юлія Цяльпук, «Белсат»