Страх за жыццё, нянавісць да захопнікаў і шчасце жыць. Шырокі спектр эмоцыяў адчувалі і адчуваюць жыхары Украіны, у тым ліку і нашыя суайчыннікі, падчас вайны. Як спраўляліся з выклікамі лёсу канкрэтныя асобы – жыхарка Кіева, валанцёрка ў Бучы і кіраўнік кіеўскага офісу «Белсату».
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Беларуска Вераніка Бягун жыве ў Кіеве разам з мужам і дачкой ужо 23 гады. Вайна падняла яе з ложка.
«Гэта было вельмі неспадзявана, бо ніхто не хацеў верыць, я чула і чытала, што ёсць прагнозы выведак розных краінаў, што гэта можа адбыцца, але верыць было дужа страшна», – згадвае Бягун.
Штодзень Вераніка пісала дзённік вайны ў «Фэйсбуку». Найперш гэта дапамагала ёй самой – перажыць цяжкасці і захаваць псіхічнае здароўе. Але таксама і іншым людзям: шмат для каго Вераніка сталася крыніцай інфармацыі і маральнага падтрымання.
Вось урыўкі з гэтага дзённіка:
«Я думала, гэта смецце так гучна забіраюць, а гэта ракеты і бомбы».
«Яны не лічаць нас людзьмі. Мы – цэлі для іхнай зброі».
«Гэтая цудоўная кветка называецца акопнік звычайны. Нават кветкі пра вайну».
«Я і ўсе ў маёй сям’і ўпэўненыя ў перамозе. Кожны дзень і сёння таксама».
Вераніка не зʼехала, яна застаецца жыць у Кіеве.
«Разумныя палітолагі распавядаюць: што так, дабро заўсёды перамагае, але ў доўгатэрміновай гістарычнай перспектыве. І маё жыццё ў гэтай доўгатэрміновай гістарычнай перспектыве вельмі маленькае, ніхто не дасць мне гарантыі, што я дачакаюся гэтай перамогі дабра», – кажа Вераніка Бягун.
Беларуска Карына Пацёмкіна сустрэла вайну каля Кіева, у Бучы. Яна валанцёрыла там перад і пасля масавага забойства мірных жыхароў расейскімі акупантамі.
«Чалавек у такім стане, калі няма нічога зразумелага. Гэта быў такі страх, следам прыйшла злосць, крыўда і нянавісць», – дзеліцца ўражаннямі Пацёмкіна.
Штодзень Карына кантактавала з сотнямі ахвяраў гэтай вайны. Каб зняць псіхалагічны ціск, плакала штовечар. За сваё валанцёрства Карына атрымала грамату ад Бучанскай тэрытарыяльнай грамады. На жаль, гэта не ўратавала яе ад праблемаў з легалізацыяй. У выніку Карына зʼехала ў Польшчу.
«Магчыма, «Патрыёт» спрацуе і адаб’е беспілотнікі, а, магчыма, прыляціць снарад – і ты будзеш ляжаць пад заваламі, то бок ты рызыкуеш сабой і жыццём. Ці доўга ты зможаш жыць у такім стане? Пытанне выбару», – лічыць Карына Пацёмкіна.
У кіеўскай рэдакцыі «Белсату» пачатак вайны сустрэлі на онлайн-планёрцы. Кіраўнік офісу Ілля Суздалеў бачыў першыя бамбаванні проста з вакна сваёй кватэры.
«Я зноўку выглядваю ў вакно, а там ужо дым у тым кірунку, дзе чуліся выбухі, гэта быў Гастомэльскі аэрапорт. Вось у такіх умовах мы працягнулі гэтую планёрку, і пасля паляцелі расейскія верталёты ў мяне за вакном», – кажа Суздалеў.
Асаблівага шоку ў Іллі не было, бо частковую акупацыю, бамбаванні і страляніну ён перажыў яшчэ ў 2014-ым у Данецку. За два гады, што мінулі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі, Ілля прызвычаіўся да рэчаіснасці.
«Прыляцела кудысьці? Страшна, трагедыя, вельмі шкада, але працягваем жыць, ідзём далей, нешта робім. Ты ўспрымаеш гэта як абыдзённасць, у нечым, зараз страшна будзе гучаць, як норму. Проста ва Украіне цяпер такая норма жыцця», – зазначае Ілля Суздалеў.
Аліна Скрабунова, «Белсат»