Еўразвяз заклікае спыніць дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей


Прыцягнуць да адказнасці вінаватых у дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторыяў, зарганізаваць ім бяспечнае вяртанне ва Украіну, а таксама спыніць факт дэпартацыі. Пра гэта – адмысловая заява Еўразвязу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мне здаецца, менскі рэжым уляпаўся ў дадзеную гісторыю ненаўмысна. Не разумеючы, што ён няправільна робіць. Паколькі дзеці, гуманітарны крызіс. Аспект – дапамагчы. Тое, што гэта чужыя дзеці, іх нельга забіраць, у нейкі момант у нейкіх структурах не дайшло», – разважае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Заяве Еўразвязу папярэднічаў брыфінг МЗС для акрэдытаваных у Менску дыпламатаў. З боку лукашыстаў у ім узялі ўдзел намеснік міністра замежных справаў Юрый Амбразевіч, а таксама параалімпіец Аляксей Талай – адзін з арганізатараў вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. На брыфінгу, куды, дарэчы, не запрасілі ўкраінскіх дыпламатаў, Амбразевіч і Талай назвалі абвінавачанні ў дэпартацыі дзяцей беспадстаўнымі. Тыя нібыта проста выязджаюць у Беларусь на аздараўленне.

«Гэта тое самае, калі ў вас забіраюць вашае дзіця, – упэўнены намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, лідар НАУ Павел Латушка. – На працягу гэтых тыдняў, месяцаў расказваюць што вы дрэнныя бацькі, горшыя бацькі на свеце. Пазней вяртаецца вашае дзіцятка і кажа: а вы ў мяне дрэнныя, вы ўвогуле не мае бацькі. Тое самае робіць з украінскімі дзецьмі рэжым Лукашэнкі».

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у справах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх вінавацяць у дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Расею. Еўрапарламент заклікаў суд у Гаазе выдаць аналагічны ордар і на арышт Лукашэнкі. Той, згодна з Аляксеем Талаем, асабіста ўзгадняе вываз дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь.

«Я звярнуўся да Пуціна: слухай, давай мы частку саюзнага бюджэту патрацім на гэтых дзетак. Аздаравілі, яны зʼехалі. Зʼяжджаць не хацелі. А мяне ў крымінальны суд. За што?» – бядуе Лукашэнка.

Павел Латушка і НАУ днямі перадалі ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда, а таксама ў пракуратуру Украіны ўжо другі пакет дакументаў з фактамі датычнасці рэжыму Лукашэнкі да вывазу ўкраінскіх дзяцей.

«Афіцыйнае афармленне дакументаў яшчэ прадоўжыцца некаторы час. Але я спадзяюся, бліжэйшым часам у суд у Гаазе будзе перададзеная і другая частка камунікацыі з абсалютнымі доказамі таго, што Лукашэнка і ягоныя памагатыя здзяйсняюць ваенныя злачынствы», – мяркуе Павел Латушка.

Нягледзячы на перспектывы судовага пераследу для свайго лідара, лукашысты працягваюць прывозіць дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь. У ліпені паўнамоцны прадстаўнік Украіны ў ААН Сяргей Кісліца агучыў прыкладную колькасць такіх дзяцей – больш за тры тысячы. У Беларусі яны трапляюць пад уплыў ідэалогіі «русского мира».

Чарговая група дзяцей з Украіны днямі прыбыла ў Наваполацк, на радзіму кіраўніцы Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай. Тая заявіла, што ў Беларусі яны здолеюць адчуць шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства.

Ян Федаровіч, «Белсат»