У адносінах Беларусі і Арменіі адбыўся нечаканы паварот


Паседжанне Савету міністраў замежных справаў АДКБ, якое пачалося сёння ў Алматы, прайшло без прадстаўніка Арменіі. Замест удзелу ў сесіі міністр замежных справаў краіны Арарат Мірзаян адправіўся з працоўным візітам у Вільню.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дактарант Сацыяльнай школы Варшаўскага ўніверсітэту, палітолаг Гарут’юн Васканьян тлумачыць:

«Існуе пагаршэнне адносін паміж Арменіяй і астатнімі чальцамі абʼяднання: з Расеяй і, ужо адкрыта, з Беларуссю. Ёсць пэўнае расчараванне, ёсць пэўныя крокі супраць гэтай арганізацыі».

Напярэдадні ў літоўскай сталіцы Мірзаян сустрэўся з калегам з палітычнага цэху, кіраўніком МЗС Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам, а таксама адказаў на пытанні мясцовай прэсы. Асобным пунктам у графіку палітыка значылася сустрэча са Святланай Ціханоўскай.

«Камунікацыя з армянскім бокам стала рэгулярная. З таго, што магу сказаць, – гэта гаворка пра супрацу на ўзроўні грамадзянскай супольнасці ў межах форуму Грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства», – зазначае галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Падчас размовы бакі абмеркавалі і магчымую палітычную супрацу.Франак Вячорка дадае:

«Я думаю, што гэта вельмі важны сігнал падтрымкі беларускаму грамадству, што Арменія раздзяляе рэжым і беларускі народ. Ну, і гэта важная перамога дыпламатычная над Лукашэнкам. Не забываем, што Пашыньян быў адным з першых замежных лідараў, хто ў 2020-м павіншаваў яго з перамогай, а зараз Арменія зрабіла такі разварот».

Следам выйшла інтэрвʼю абранай прэзідэнткі Беларусі армянскаму журналісту і палітолагу Рубэну Мэграб’яну. Прадстаўляючы Ціханоўскую, вядоўца дзяржаўнага каналу падкрэсліў:

«Сёння эксклюзіўны госць “Першага інфармацыйнага” дэ-факта народам абраны прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца зараз у іміграцыі. Вітаю вас, спадарыня прэзідэнт, і лічу за вялікі гонар вашую згоду прыняць маё запрашэнне».

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч кажа:

«Не трэба надаваць вялікую вагу гэтым выказванням журналіста. У рэшце рэшт беларускія дэмакратычныя сілы не так шмат што могуць даць (з прагматычнага пункту гледжання) ураду Арменіі і, напэўна, для дэмакратычных сілаў, каб замацаваць такога кшталту стасункі, трэба шмат прыкладаць высілкаў».

Пацяпленне адносінаў паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і афіцыйным Ерэванам можа дорага каштаваць Арменіі, кажа наш эксперт. Краіна часткова застаецца на палітычным і эканамічным кручку Расеі – дэмарш супраць афіцыйнага Менску тая можа прыняць на свой рахунак.

Святлана Ціханоўская з міністрам замежных справаў Арменіі Араратам Мірзаянам.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

«Гэта дэманстратыўная праява пазіцыі Ерэвана, імкнучыся ўпісвацца ў заходнюю парадыгму супрацьборства супраць Расеі. Расею заўсёды разглядалі з аднаго боку – як гарант бяспекі, – але Расея можа быць і гарантам небяспекі. Сыходзячы ад Расеі, ад расейскага ўплыву, паралельна не атрымліваючы альтэрнатыўных гарантый, ты сурʼёзна рызыкуеш», – зазначае палітолаг дактарант Сацыяльнай школы Варшаўскага ўніверсітэту Гарут’юн Васканьян.

Разварот замежнапалітычнай стратэгіі Арменіі стаўся адказам на дзеянні Лукашэнкі. У сярэдзіне траўня той назваў вайну за Карабах вызваленчаю для ворага Арменіі – Азербайджану. Пазней армянскі прэмʼер заявіў, што краіна застанецца ў АДКБ, калі Лукашэнка знойдзе «такія словы выбачэння і тлумачэння», якія будуць «прымальныя для народу Арменіі».

«Выбачыцца тэарэтычна ён можа. Мы бачылі, што словы не тое, каб былі вельмі важныя для Аляксандра Лукашэнкі. Але, думаю, што для армянскіх уладаў такое патрабаванне – гэта хутчэй яшчэ адна зачэпка, праз якую можна ігнараваць паседжанні АДКБ», – дадае Андрэй Казакевіч.

Сёння генеральны сакратар АДКБ Імангалі Тасмагамбетаў заявіў, што чакае ад Арменіі канкрэтных крокаў. Адказу афіцыйнага Ерэвану наконт сяброўства ў абʼяднанні пакуль не было.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»