Міністэрства абароны зладзіла раптоўнае правяранне войскаў


Беспілотнікі, авіяцыя, сілы спецыяльных аперацыяў і не толькі. На Гомельшчыне і Берасцейшчыне Міністэрства абароны зладзіла раптоўнае правяранне гатовасці Узброеных сілаў да выканання пастаўленых задачаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адначасова з дзеяннямі сілаў спецыяльных аперацыяў актыўна дзейнічаюць падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі, аснашчаныя комплексамі “Паланэз” і рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню БМ-21 “Град”. Гэтыя падраздзяленні таксама пад прыкрыццём сілаў спецыяльных аперацыяў скрытна займаюць прызначаныя раёны і павінныя заступіць на баявое дзяжурства на прызначаных аб’ектах», – паведаміў начальнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў Павел Муравейка.

Паводле Муравейкі, вайскоўцы сілаў спецаперацыяў між іншага атрымалі задачу ў выпадку неабходнасці знаходзіць, знішчаць і блакаваць дыверсійна-разведвальныя групы ўмоўнага праціўніка. А таксама аператыўна выходзіць на прызначаныя рубяжы. Задача ж авіяцыі – дастаўляць і высаджваць штурмавыя групы, а таксама падтрымліваць сухапутныя групоўкі на зямлі.

«Гэта вельмі вялікая маса людзей, маса тэхнікі, і хутка гэта не адбываецца, таму за дзень ці два дні такую праверку зарганізаваць немагчыма. Плюс для гэтага не патрэбныя ніякія падрыхтоўчыя заявы. Гэта адносна шараговая практыка, асабліва калі ўлічваць, што на межах Беларусі ідзе вайна», – мяркуе добраахвотнік ЗСУ, спікер фракцыі «Беларусы» ў Каардынацыйнай радзе Андрэй Кушняроў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы. Вучэнні. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: modmilby / Telegram

Напярэдадні Памежны камітэт Беларусі заяўляў пра «недапушчальнасць правакацыяў на ўкраінска-беларускай мяжы». У заяве адзначалася павелічэнне канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў, а таксама цяжкога ўзбраення замежнай вытворчасці.

«Лукашэнка, плануючы чарговае сумеснае з расейцамі вучэнне, уласна праз падкантрольныя структуры падганяе такую тэзу, для чаго яны праводзяцца. Паводле нашых звестак, у найбліжэйшыя дні адбудуцца сумесныя вучэнні», – кажа кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Паўло Лакійчук.

Найбольш небяспечны варыянт – калі яны стануць этапам тактычных ядравых вучэнняў, адзначае эксперт і падкрэслівае, што гэта можа быць пачаткам спробы сабраць групоўку для нападу на Украіну з поўначы. Але для такога нападу трэба прынамсі некалькі вайсковых брыгадаў, кажа Андрэй Кушняроў:

«Калі мы ўбачым прыбыццё расейскай групоўкі ці дадатковых брыгадаў беларускіх узброеных сілаў на мяжу, тады можна сказаць, што магчымасць зʼяўляецца. На гэты момант вялікага войска, сканцэнтраванага на мяжы з Украінай, не назіраем».

Кіеў раптоўнае правяранне беларускай арміі ля межаў з Украінай назваў актывізацыяй інфармацыйнай кампаніі дзеля нагнятання напружанасці на мяжы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»