У Польшчы затрымалі дыверсантаў


Спецслужбы Польшчы арыштавалі 9 асобаў. Іх вінавацяць у збіцці, падпале і спробе падпалу. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у інтэрвʼю каналу «TVN» заявіў, што арыштаваныя дзеялі на ўказанне Масквы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Што да актаў сабатажу і дыверсіі, то справа вельмі сурʼёзная. Гэта датычыць некалькіх еўрапейскіх краінаў. На гэты момант, безумоўна, Літвы, Латвіі, Польшчы. Са Швецыі таксама паступаюць сігналы. Яны занепакоеныя тым, што некаторыя з дзіўных падзеяў таксама могуць быць вынікам сабатажу».

Сярод затрыманых – неназваныя грамадзяне Беларусі, Польшчы, Украіны. Туск агучыў некаторыя акцыі сабатажнікаў – гэта спроба падпаліць фабрыку фарбаў у Вроцлаве, а таксама падпал складу «Іkea» у Літве.

«Я думаю, што гэтых людзей выкарыстоўваюць у цёмную, плацяць нейкія смешныя грошы – сто, дзвесце, нават калі тысячу еўра – гэта нішто. Я думаю, што калі ім тлумачаць мэту, хутчэй за ім кажуць пра нейкія разборкі – нібыта хтосьці штосьці не даплаціў, кагосьці трэба напалохаць. Я ўпэўнены, што расейскія спецслужбы сябе не паказваюць», – мяркуе былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

Раней некалькі выпадкаў справаў у дыверсіях і шпіянажы з удзелам беларусаў у Польшчы дайшлі да суда. Гэтак, летась у снежні трох грамадзянаў нашай краіны асудзілі да турэмных тэрмінаў за намер узарваць цягнік са зброяй для Украіны. А сёлета ў Беластоку і Познані двух беларусаў прызналі вінаватымі ў шпіянажы на карысць Расеі. Іван Ступак звяртае ўвагу на сацыяльныя сеткі як інструмент, з дапамогай якога спецслужбы могуць вербаваць людзей:

«Напрыклад, сядзяць людзі недзе ў Рызе і пішуць, што мясцовыя іх прымушаюць вучыць гэтую дурную мову. Расейцы звяртаюць увагу: ага, цікавы пасажыр. Значыць, ты не хочаш вучыць рускую мову і мы таксама не хочам. Мы хочам, каб была руская мова, дапамажы нам, калі ласка. Трэба намаляваць дзесьці свастыку і зрабіць фота, спаліць дзверы, прабіць кола, паставіць скрыначку – GPS трэкер на цягнік».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія спецслужбы.
Фота: gazetawroclawska.pl

Яшчэ адзін нядаўні гучны выпадак – уцёкі польскага суддзі Томаша Шмыта ў Беларусь, дзе ён папрасіў прытулку. Ці можа гэта таксама быць вынікам расейскай гібрыднай агрэсіі?

«Як беларускія, гэтак і расейскія спецыяльныя службы будуць намагацца вербаваць як мага большую колькасць асобаў, – кажа аналітык «Defence24» Яцэк Раўба. – Бачу гэта ў вымярэнні вельмі практычным. Гэта датычыць доступу да дзяржаўных інстытуцыяў, да структураў палітычных і судовых. У гэтым няма ніякага сюрпрызу».

Польшча працягвае расследаваць як справу ўцёкаў суддзі, які меў доступ да сакрэтнай інфармацыі, гэтак і справу адносна дыверсіяў на тэрыторыі краіны. Урад пастанавіў стварыць адмысловую камісію для расследавання расейскага ўплыву. А ў Сенаце прайшло сакрэтнае паседжанне камісіі ў справе абароны.

Ян Федаровіч, «Белсат»