21 траўня адзначаюць Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі


Беларускія песні і вершы палітзняволеных. У Бруселі адбылася акцыя да Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Два дзясяткі ўдзельнікаў прайшлі маршам да будынку дыпламатычнай місіі Беларусі ў Бельгіі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я жыву ў Бельгіі, ічкерыец, прычына прысутнасці – гэта нашая агульная барацьба».

«Гэта не толькі нічога агульнага з правасуддзем не мае, гэта прыдуманыя нейкія артыкулы закону, не закону нават, а гэта проста беззаконне. Свабоду палітзняволеным!», – кажуць удзельнікі акцыі.

Ужо традыцыйна пасля акцыі падпісалі паштоўкі беларускім палітычным вязням.

«Мы пішам лісты ўжо чатыры гады, нават калі нам не прыходзяць адказы, мы не спыняемся, пішам і пішам. Гэта сведчанне пра тое, што мы не забыліся пра іх, што мы салідарныя з імі. Мы адсылаем па 30-40 лістоў кожны месяц, збіраемся і пішам. І будзем пісаць да апошняга палітвязня, пакуль усе не будуць вызваленыя і на волю не выйдуць», – кажа ўдзельніца акцыі салідарнасці Марына Леваценка.

Акцыі салідарнасці з палітзняволенымі прайшлі ў Італіі і Вялікай Брытаніі, у Чэхіі і Швецыі, у Літве і Польшчы. У Варшаве Ініцыятыва «Палітвязынка» ў супрацы з Беларускім домам зладзілі прэс-канферэнцыю, прысвечаную праблемам зняволеных жанчын і сітуацыі ў жаночых калоніях. Адна з удзельніц – Дар’я Афанасьева – нядаўна выйшла на волю.

«У кагосьці баляць бронхі, калі гэта пыл лётае, шкодная вытворчасць.У кагосьці пнеўманія як нядаўна ў КацярыныАндрэевай-Бахвалавай ці ў Ксеніі Луцкіной. У Ксеніі да таго ж пухліна. У дзяўчат баляць рукі, баляць ногі, бо праца на прамзоне», – кажа Дарʼя Афанасьева.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Daniel Abbatt / pexels.com

Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі адзначаюць 21-га траўня. Тры гады таму ў гэты дзень у Шклоўскай калоніі загінуў палітычны вязень, грамадскі актывіст Вітольд Ашурак. Афіцыйнаю прычынаю назвалі спыненне сэрца. Але кіберпартызаны маюць дакладную інфармацыю пра абставіны смерці, кажа брат загінулага Андрэй Ашурак:

«Ёсць усе прозвішчы, хто там быў, хто што казаў, хто каму званіў. Справа раскрытая, справа толькі ў часе. Я не ведаю, колькі пройдзе часу, пакуль будуць затрыманыя і пакараныя ўсе вінаватыя, але я ўпэўнены на 100 адсоткаў што гэта будзе».

На сёння праваабаронцам вядома пра шасцярых беларускіх палітзняволеных, якія памерлі за кратамі. Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч. Трое з іх загінулі сёлета.

«Як толькі ўлада пазбавіла таго ці іншага палітвязня свабоды – яна бярэ на сябе цалкам усю адказнасць. Калі чалавек цяжка хворы, то навошта яго пазбаўляць волі? А калі чалавек не хворы, то чаму мужчыны ва ўзросце 50 гадоў паміраюць? Пра што гэта кажа? Пра тое, што людзі паміраюць не ўдома ці ў шпіталі, а ў турмах іх забіваюць», – перакананы праваабаронца Леанід Судаленка.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», сёння за кратамі незаконна ўтрымліваюцца прынамсі 1393 асобы. Не менш за 254 з іх – у асаблівай рызыцы праз стан здароўя. Але затрыманых праз палітычныя матывы ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, пазбаўляюць сродкаў гігіены і лекаў.

«Улада робіць усё, каб склалася ўражанне, што палітычных вязняў у краіне няма, што пра іх забыліся. Мы ведаем, што найбольш вядомых палітвязняў улада трымае без сувязі са знешнім светам у так званым рэжыме інкамунікада», – нагадвае Леанід Судаленка.

Пра шасцярых беларускіх палітзняволеных няма звестак больш як чатырыста дзён. Гэта Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч ды Ігар Лосік.

«Мы імкнуліся шмат што зрабіць, каб змяніць сітуацыю – публічна і не публічна. Але рэжым не мае цікавасці ў вызваленні палітвязняў. Для Лукашэнкі людзі – гэта проста расходны матэрыял, які не мае каштоўнасці», – заявіла Святлана Ціханоўская ў звароце з нагоды дня салідарнасці.

Сёння ў Беларусі магло стаць на аднаго палітвязня менш – мела выйсці з калоніі актывістка «Еўрапейскай Беларусі» з Берасця Паліна ШарэндаПанасюк. За кратамі яна адбыла 3 гады і 5 месяцаў. Але 19-га траўня яе этапавалі ў Гомельскі следчы ізалятар. Цягам дзесяці дзён ёй могуць выставіць новае абвінавачанне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»