Ліга чэмпіёнаў вернецца ў Беларусь?


Першы адборачны раўнд Лігі чэмпіёнаў. «Дынама» (Менск) – «П‘юнік» (Ерэван). Кіраўніцтва сталічнага клубу прапанавала армянам праігнараваць санкцыі УЕФА і правесці 9-га ліпеня матч на менскім стадыёне «Дынама».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яны вырашылі проста паспрабаваць на ўсялякі выпадак даведацца, прамацаць рэакцыю армянскага боку. А калі яны пагодзяцца, то можна будзе звярнуцца да УЕФА ды сказаць, што нашыя супернікі не супраць. А калі яны не супраць сюды прыляцець, то чаму б не правесці гульню», – лічыць спартовы аглядальнік Арцём Сізінцаў.

Аднак ерэванцы адмаўляюцца ад гульні ў Беларусі на любых умовах. Чаму?

«Ёсць санкцыі УЕФА, ёсць прамая забарона на правядзенне матчаў у Беларусі. Калі б “П‘юнік” пагадзіўся, то гэта было б прамое парушэнне санкцыяў. У гэтым выпадку санкцыі былі б накладзеныя не толькі на беларускі клуб, але і на тых, хто наважыўся паехаць у Менск у госці», – распавёў спартовы аглядальнік Аляксандр Баразенка.

Санкцыі ў дачыненні беларускага футболу пачалі дзеяць у сакавіку 2022-га праз суўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне. УЕФА, верагодна, надумала згуляць на апярэджанне. Адметна, што кіраўніцтва «Дынама» звярнулася да ерэванцаў менавіта падчас правядзення чэмпіянату Еўропы.

«Самыя асноўныя асобы зараз займаюцца нямецкім першынством, яны ўсе там знаходзяцца. Ім, мякка кажучы, не да разборак паміж армянскім і беларускім клубамі. Таму проста паспрабаваць заўсёды можна», – падсумаваў Арцём Сізінцаў.

16-ціразовы чэмпіён Арменіі ўжо цярпеў праз санкцыі, уведзеныя праз вайну. Футбаліст і трэнер «П’юніка» з расейскімі пашпартамі прапускалі матчы Лігі канферэнцыяў, бо ў амбасадах Літвы і Польшчы ім адмаўлялі ў візах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Матч клубаў Вышэйшай лігі «Дынама-Берасце» і «Дынама-Менск». Берасце, Беларусь. 2 чэрвеня 2023 года.
Фота: Футбольный клуб “Динамо-Минск” / VK

«І тыя, і другія прынцыпова не ставяць візаў расейцам, сцвярджаючы, што гэта іхная дзяржаўная палітыка. Як нам сказалі ў польскім консульстве, нават калі мы атрымаем для футбаліста візу праз нейкую іншую краіну і прыедзем да іх на гульню, там яе могуць ануляваць, а гульца – дэпартаваць. Мы не можам ісці на такія рызыкі», – скардзіўся прэзідэнт ФК «Пʼюнік» (Ерэван) Артур Сагаманьян.

Сітуацыя разгортваецца на фоне палітычнага крызісу паміж Беларуссю і Арменіяй. Нягледзячы на саюзніцтва з Арменіяй у АДКБ, Лукашэнка пастаўляў зброю і надаваў вайсковую дапамогу Азербайджану падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху. На такія дзеянні рэзка адрэагаваў Нікол Пашыньян.

«Я заяўляю, што далей не буду ездзіць у Беларусь. Пакуль прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў Беларусі. І ўвогуле, заяўляю, што з гэтага часу ніводзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі ў Беларусь не паедзе», – заявіў прэм‘ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян.

Канчатковая інфармацыя пра месца правядзення сустрэчы «Дынама» – «Пʼюнік» з’явіцца 21-га чэрвеня.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»