70 гадоў споўнілася беларускай службе радыё «Свабода»


Семдзесят гадоў таму беларусы ўпершыню пачулі ў эфіры пазыўныя беларускай службы радыё «Свабода». Жыхары савецкай Беларусі, дзе панаваў таталітарны камуністычны рэжым, пачулі голас сваіх суайчыннікаў з вольнага свету. Беларусы з таго часу маглі слухаць перадачы без савецкай цэнзуры, хоць гэта было і небяспечна. Мінулі дзесяцігоддзі – і радыё «Свабода» ў Беларусі зноў пад забаронаю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

20 траўня 1954 года. У свеце трывала халодная вайна. Беларусь яшчэ не ачомалася ад сталіншчыны. З ініцыятывы Амерыканскага камітэту вызвалення ад бальшавізму з Мюнхену пачало весці беларускамоўную трансляцыю радыё «Вызваленне», якое пазней перайменавалі ў радыё «Свабода».

У Савецкай Беларусі, як і агулам у СССР, панавала суворая цэнзура. Заходнія радыёстанцыі, бадай, адзіная крыніца альтэрнатыўнай інфармацыі. Савецкія ідэолагі празвалі іх «варожымі галасамі». Людзі слухалі праграмы ўпотай, звычайна ўначы – згадвае грамадскі актывіст Сяргей Стальмакоў.

«Быў пераслед за праслухоўванне такіх “варожых галасоў” і былі выпадкі, калі людзей нават садзілі ў турму або ў псіхіятрычную клініку», – кажа Сяргей Стальмакоў.

Сігналы «галасоў», у тым ліку беларускай «Свабоды», душылі радыёглушылкамі.

З перадачаў «Свабоды» беларусы даведваліся пра падзеі, што замоўчваліся савецкімі медыямі, пра палітычныя рэпрэсіі і дысідэнтаў. Слухалі забароненыя ў СССР творы.

І ўсё гэта – па-беларуску. Пакуль у БССР трывала русіфікацыя – згадвае Сяргей Дубавец, які слухаў «Свабоду» з дзявятага класу школы.

«Нас гэта каласальна падтрымлівала – радыё, якое было абсалютна жывым, абсалютна натуральным. Гэта была не тая беларушчына асавечаная, выпусташаная, а з усім сваім каларытам і проста страляла ў душу», – распавядае Сяргей Дубавец.

У маскоўскім офісе Радыё «Свабода».
Фота: Радыё «Свабода»

Па распадзе СССР і заканчэнні халоднай вайны штаб-кватэра «Свабоды» пераехала ў Прагу. У беларускай службы з’явіліся карэспандэнты ў Беларусі. У эфіры гучалі праграмы палітычныя і эканамічныя, культурныя, гістарычныя і рэлігійныя. Беларуская «Свабода» пачала выдаваць кнігі і кампакт-дыскі. У 2019-м яна сышла з радыёэфіру, развіваючы свае інтэрнэт-рэсурсы.

У 2020-м журналісты «Свабоды», як і іншых незалежных медыяў, рызыкуючы сабой, асвятлялі масавыя пратэсты беларусаў.

Рэжым Лукашэнкі заблакаваў сайт беларускай «Свабоды» і абвясціў яе экстрэмісцкім фармаваннем. Двое журналістаў радыё «Свабода» – Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык – застаюцца за кратамі. Як у часе СССР, рэдакцыя зноў вымушаная працаваць з-за мяжы. А за чытанне матэрыялаў радыё «Свабода» беларусам зноў пагражаюць кары.

«Зараз тэхнічнае забеспячэнне КДБ і іншых структураў больш моцнае. Але праўда прарасце нават праз асфальт. Таму тут шанцаў у рэжыму няма», – мяркуе Сяргей Стальмакоў.

І пакуль у Беларусі застаецца рэпрэсіўны рэжым, радыё «Свабода» працягвае даносіць да беларусаў інфармацыю без цэнзуры.

«Свабода слова, як і дэмакратыя, – гэта як сад і дзікі лес. Калі яго не прарэджваць, не падтрымліваць, не дапамагаць – ён будзе заглушаны. Таму радыё “Свабода” працягвае працаваць і сёння, калі Еўропа, здавалася б, даўно ўжо свабодная», – кажа дырэктар беларускай службы радыё «Свабода» ў 1998–2023 гг. Аляксандр Лукашук.

Валянцін Васіленка, «Белсат»