З траўня ў Беларусі будзе прынамсі на 5 больніцаў менш. У Віцебскім раёне закрыюць усе пасялковыя шпіталі – агулам на 188 ложкаў. Коштам гэтага ў Віцебску зробяць абласны цэнтр паліятыўнай медыцыны, патлумачылі нам у прыёмнай паліклінікі № 7 Віцебску, якой падпарадкоўваецца больніца ў вёсцы Заполле.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Амбулаторыя застаецца. Амбулаторыю не закрываюць. Вы трошкі раздзяліце – больніца са старымі, што ляжалі нямоглыя, і людзі, што жывуць у вёсцы. І як атрымлівалі, так і будуць атрымліваць медычную дапамогу».
Без мясцовага стацыянарнага лячэння, апроч Заполля, застануцца жыхары Старога Сяла, аграгарадкоў Бабінічы і Акцябрская ды гарадскога пасёлку Янавічы, разам гэта прынамсі 4 тысячы жыхароў. Як і жыхарам навакольных вёсак, у больніцу пры неабходнасці ім давядзецца ехаць у Віцебск, а гэта ад 12 да 70 кіламетраў.
«Вядома, з закрыццём гэтых установаў у людзей будзе менш магчымасцяў якасна і ў патрэбны тэрмін звяртацца па медычную дапамогу», – перакананая сябра Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.
За гады існавання незалежнай Беларусі паводле Белстату колькасць больніцаў у краіне зменшылася на траціну – з 874-х у 1990-м годзе да 593-х у 2021-м. І адбылося гэта пераважна шляхам закрыцця ці пераабсталявання ў амбулаторыі вясковых больніцаў.
Сельскае насельніцтва за гэты час скарацілася ў некаторых мясцовасцях у 2–4 разы. Акурат дэмаграфічнай сітуацыяй тлумачаць чыноўнікі закрыццё больніцаў ды абяцаюць, што якасць абслугоўвання палепшыцца дзякуючы пераразмеркаванню медычнага персаналу. Якасць лячэння сапраўды можа павысіцца, патлумачыў нам на ўмовах ананімнасці медычны работнік аднаго з раёнаў Віцебшчыны.
«Калі гэтыя хворыя будуць лячыцца ў стацыянарах другога ўзроўню і нават першага (гэта значыць абласнога) узроўню, я думаю, там якасць будзе не горшая, а лепшая. Амбулаторнае ж лячэнне ў мясцовых установах засталося. Я думаю, яно будзе таксама больш якасным, бо ў доктара забралі галаўны боль, гэтыя кругладзённыя ложкі. А гэта вялікая нагрузка на доктара», – патлумачыў медработнік.
Лагічным падобнае развязанне ў цяперашніх умовах называе і лекар ды прафсаюзны актывіст Станіслаў Салавей.
«У прынцыпе гэта танней, калі замест утрымання больніцы трымаць 3–4 машыны хуткай дапамогі з брыгадай, якая мае даставіць пацыента ў выпадку неабходнасці», – кажа Станіслаў Салавей.
У беларускіх рэгіёнах якасць медычных паслугаў і доступ да іх называе праблемай значна большая частка насельніцтва, чым у сталіцы ды абласных цэнтрах, кажуць даследнікі з Цэнтру новых ідэяў.
«Нельга сказаць, што нейкі раён ці вобласць больш цярпіць ад пагаршэння якасці медычных паслугаў. 41 адсотак кажа, што гэта найбольшая праблема, калі казаць пра сацыяльнае вымярэнне», – адзначае адзін з аўтараў даследавання Міхаіл Мацкевіч.
Агулам у рэгіянальных медустановах, як амбулаторных, так і стацыянарных, абсталяванне горшае і недахоп кадраў мацнейшы.
«Там складана заматываваць лекара застацца працаваць. Лекар пасля ўніверсітэту два гады адпрацаваў і з’ехаў. Прыехаў новы. Гэты канвеер сталы, калі пракручваюцца маладыя спецыялісты, – гэта вельмі-вельмі кепская практыка, што нясе шмат рызыкаў», – кажа Станіслаў Салавей.
Зʼязджаюць лекары не толькі з вёсак, але і ўвогуле з краіны. Паводле падлікаў Станіслава Салаўя, цягам апошніх 14 месяцаў колькасць дактароў зменшылася на 7253. Лекары ўцякаюць ад палітычнага пераследу, нягледзячы на складанасці з атрыманнем дакументаў, якія ствараюць чыноўнікі.
«Людзі зʼязджаюць, і я не ведаю, ці зможам мы іх вярнуць у Беларусь, калі яны ўжо ўладкуюцца ў Еўропе ці іншых краінах на працу. Таму што падыходы да настаўнікаў, да лекараў у гэтых краінах зусім іншыя – гэта велізарная павага да прафесіі і добры заробак», – адзначае Вольга Кавалькова.
Дзеля вяртання дактароў недастаткова зрабіць прывабнай мясцовую інфраструктуру, цалкам змяняць трэба сістэму аховы здароўя, перакананыя ўсе нашыя суразмоўцы.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»