Як нелегалы трапляюць у Польшчу


Бутэлькі з паліўнымі сумесямі, камяні і штурм памежнай агароджы – так у нашым уяўленні выглядае спроба мігрантаў перабрацца на польскі бок праз беларускую мяжу. Аднак гэта – спектакль дзеля адцягнення ўвагі, сцвярджае арганізацыя «BYPOL».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мігранты збіраюцца ў вялікую групу, робяць гам-шум на мяжы. Польскія памежнікі павінныя, зыходзячы са сваіх абавязкаў, узмацніць гэтую частку мяжы, дзе іх вялікая колькасць сабралася. Адпаведна, аслабляюцца іншыя ўчасткі мяжы», – кажа прадстаўнік «BYPOL» Станіслаў Лупаносаў.

Пакуль увага памежнікаў адцягнутая на правакацыі, мігранты прабіраюцца ў іншым месцы і групамі з пяці асобаў пераходзяць на польскі бок. Міхал Бура, старэйшы штабны харунжы з Падляскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы, тлумачыць:

«Апошнім часам мы фіксуем у сярэднім да двухсот спробаў на дзень. З пачатку гэтага года такіх выпадкаў было больш за дзевятнаццаць тысяч, а ў чэрвені ўжо – амаль тры тысячы».

«Стандартны партрэт вымалёўваецца такі: гэта Індыя, Пакістан, Аўганістан. Мігрантаў рыхтуюць, яны праходзяць інструктаж. Ёсць цэлая група рекруцёраў, якія завязаны ў гэтай схеме – схеме выдачы віз, выдачы запрашэнняў. За гэтым, у першую чаргу, стаяць расейскія спецслужбы, але не без дапамогі беларускіх калег», – дадае Станіслаў Лупаносаў.

Польскія памежнікі і паліцыя на мяжы з Беларуссю.
Фота: podlaska Policja / Twitter

Цягам міграцыйнага крызісу, што трывае амаль чатыры гады, некалькі польскіх памежнікаў атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Адзін з іх, вайсковец Матэўш Сітэк, загінуў. Адказ польскіх уладаў – увядзенне буфернай зоны.

«Буферная зона вызначаная на 60 кіламетраў. У большасці выпадкаў яе шырыня складае каля 200 метраў, але часам дасягае двух кіламетраў. У гэтай зоне могуць быць толькі польскія вайскоўцы і асобы, якія атрымаюць дазвол на перабыванне ў такой зоне. Гэта могуць быць журналісты ці грамадскія арганізацыі», – зазначае штаб-сяржант Падляскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Эвэліна Леўковіч.

Буферная зона будзе дзейнічаць да сярэдзіны верасня, але пасля заканчэння тэрміну польская мяжа не застанецца непрыкрытаю. Урад Польшчы распрацоўвае нацыянальную праграму стрымлівання і абароны «Усходні шчыт». Паводле яе, на мяжы з Беларуссю створаць комплекс абарончай інфраструктуры.

«Гэта вялізная інвестыцыя ў інфраструктуру. У яе ёсць тры асноўныя задачы: перашкодзіць мабільнасці непрыяцельскіх войскаў у выпадку ўзброенага канфлікту. Абараніць і ўмацаваць пазіцыі ўласных войскаў. І абараніць насельніцтва», – кажа намеснік прэм’ер-міністра, міністр абароны Польшчы Владыслаў КасінякКамыш.

Праграма прадугледжвае будаванне за чатыры гады лагістычных вайсковых базаў, сеткі бункераў і развіццё інфраструктуры для барацьбы з беспілотнікамі. Узмацненне мяжы будзе каштаваць польскаму бюджэту больш за два мільярды еўраў.

Кацярына Гардзеева, Яраслаў Сцешык, «Белсат»