Ці існуе спорт па-за палітыкай?


Услед за галамі, перамогамі, сенсацыямі на «Еўра-2024» дайшло і да першых дысцыплінарных справаў за палітычныя акцыі. Пад увагаю – паводзіны заўзятараў Сербіі і Албаніі. УЕФА расследуе выпадкі праяваў шавінізму і тэрытарыяльных спрэчак.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Людзі могуць успрымаць перамогі ў спорце як сведчанне перавагі сваёй краіны, нацыі, ці нават сваёй палітычнай сістэмы», – лічыць палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Трывогу забіла федэрацыя футболу Косава. Там кажуць, што сербы распаўсюджвалі «палітычныя, шавіністычныя і расісцкія паведамленні» ды вывешвалі сцяг з выяваю Косава ў складзе Сербіі. У другім выпадку на банеры албанцаў тэрыторыя Косава і частка Паўночнай Македоніі былі ўключаныя ў мапу так званай Вялікай Албаніі – шавіністычнага праекту албанскіх нацыяналістаў.

«Вялікі спорт – гэта вялікая ўвага. Як бы не хацелі арганізатары пазбегнуць палітычных жэстаў, без гэтага не абыходзіцца ні адна сур’ёзная спартовая падзея», – распавёў кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Палітычны характар мае і адмова дзяржаўнага тэлебачання Беларусі паказваць матчы з удзелам зборнай Украіны.

Матч Украіна – Румынія на «Еўра-2024».
Фота: uaf.ua

«У Беларусі паказваюць “Еўра-2024” з аглядкай на Расею. Беларускі рэжым працуе па наратывах расейскай прапаганды, якая лічыць, што такой дзяржавы, як Украіна, не павінна існаваць», – дадае Анатоль Котаў.

Падчас жа трансляцыі двубою Грузія-Турцыя гледачы маглі пачуць вядомую песню заўзятараў пра Пуціна. Фрагмент прагучаў і ў жывым эфіры расейскіх каналаў, але з запісу яго выдалілі.

«Небаракі вымушаныя вырашаць, каго ўвогуле яшчэ можна не паказваць. Бо кожная краіна мае нейкі грэх перад Беларуссю. Хтосьці санкцыі ўвёў, чыесьці заўзятары спяваюць насмешлівыя песні пра Пуціна. Ну а пра Лукашэнку не крычаць, бо ён нікога ў Еўропе не цікавіць», – падсумоўвае Віталь Цыганкоў.

У расейскіх медыях, у сваю чаргу, распаўсюдзілі відэа, на якім румынскія фанаты нібыта скандавалі прозвішча Пуціна ды вывесілі сцяг ДНР. Аднак, паводле выдання «Чемпионат», гук наклалі на іншае відэа, а сцяг проста прымалявалі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»