«Русский мир» і «Чучхэ»: Пуцін наведае Паўночную Карэю


У Паўночнай Карэі рыхтуюцца сустракаць Пуціна. Пхеньян абвесілі расейскімі трыкалорамі і плакатамі з выяваю расейскага правадыра.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ раней у Крамлі тлумачылі, навошта ім патрэбныя шчыльныя стасункі з суседам-выгнаннікам.

«Гэта сяброўская для нас краіна, з якой мы развіваем нашыя стасункі. Будзем гэта рабіць і далей па ўзыходнай», – заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

КНДР – эталонны прыклад таталітарызму, які захаваўся са сталінскіх часоў, у краіне перыядычны ўзнікае голад. Пуцін жа ў сваім артыкуле для паўночнакарэйскай прапаганды пахваліў Пхеньян за падтрыманне расейскай агрэсіі.

«Гэтыя ракеты не заўсёды ў найлепшай якасці, але ў неймавернай колькасці пастаўляюцца на фронт. Расея закупляе ў Паўночнай Карэі, адразу з’язджаюць на фронт, дзе яны актыўна выкарыстоўваюцца. Зразумела, што паколькі для Пуціна вайна – гэта найгалоўнейшы праект, Пуцін гэтаму надзвычай цешыцца», – каментуе працаўнік універсітэту Кукмін (Сеул, Паўднёвая Карэя) Фёдар Цярціцкі.

У Паўночнаатлантычным альянсе нагадалі: Расея парушае пастанову Рады бяспекі ААН у справе непадтрымання ракетных праектаў КНДР.

«Расея цяпер усё больш збліжаецца з аўтарытарнымі лідарамі – Іранам, Пекінам, але таксама і з Паўночнаю Карэяй. А Паўночная Карэя паставіла ў Расею больш за мільён снарадаў для артылерыі. Такім чынам, Паўночная Карэя дапамагае Расеі працягваць агрэсію супраць Украіны. А ўзамен Расея пастаўляе тэхналогію для іх ракетнай і ядравай праграмаў», – сцвердзіў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Паўночнай Карэі і Расеі.
Фота: anna-news.info

Паводле Стольтэнбэрга, Пуцін паказвае сваю залежнасць ад іншых аўтарытарных рэжымаў. Сваю зацікаўленасць КНДР летась выказваў і Лукашэнка:

«Мы можам з вамі падумаць пра супрацу на траіх – Паўночная Карэя, Расея. Ведаю, што цікавасць вялікая ў карэйцаў да нас».

У красавіку з візітам у Пхеньян прыязджаў віцэ-кіраўнік МЗС Беларусі Яўген Шастакоў.

«Пра нейкае рэальнае супрацоўніцтва, шчыльнае супрацоўніцтва пакуль гаворкі не было. Але ў рамках новага павароту беларускай замежнай палітыкі туды на Усход намацваюцца нейкія магчымыя варыянты супрацоўніцтва», – зазначае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Разам з тым КНДР – бедная краіна, якая мала што можа купіць у Беларусі, а эканамічных інтарэсаў паміж Менскам і Пхеньянам няма.

Што да візіту Пуціна ў Паўночную Карэю, то, паводле палітолага, пытанне рэпутацыі расейскага кіраўніка больш не хвалюе.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»