Палітзняволеная Наталля Хершэ – на волі і ўжо ў Швейцарыі. За кратамі яна правяла 17 месяцаў.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
У снежні 2020-га ў Менску Наталлю пакаралі двума з паловай гадамі калоніі строгага рэжыму. Суддзя Сяргей Шаціла прызнаў яе вінаватай у супраціве міліцыянту падчас вулічнай акцыі – на жаночым маршы, абараняючыся ад затрымання, яна сарвала балаклаву з амапаўца.
Наталля Хершэ віны не прызнала. У зняволенні яна абараняла свае правы, абвяшчала галадоўкі ды неаднаразова адмаўлялася пісаць заяву аб памілаванні. За адмову шыць форму для сілавікоў яе змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу.
«Усім, хто перажываў за мяне, вялікі дзякуй, агромны», – кажа Наталля.
Яе брат дадае: «Вялікі дзякуй Швейцарыі, ураду Швейцарыі і амбасадарцы Крыстынэ Гонэгер».
Амбасадарка Швейцарыі Крыстынэ Гонэгер-Залатухін уручыла копіі даверчых граматаў міністру замежных справаў Беларусі Уладзіміру Макею 9-га лютага. Швейцарскія ўлады падкрэслівалі, што гэты крок не звязаны з прызнаннем легітымнасці Лукашэнкі, але можа дапамагчы ў вызваленні іх грамадзянкі.
«Швейцарцы маюць вялікія традыцыі дыпламатыі, у тым ліку закуліснай дыпламатыі, улагоджвання розных канфліктаў. Я думаю, што праз Швейцарыю Еўропа хоча зрабіць максімум магчымага хаця б у плане вызвалення з-за кратаў тых людзей, якія за палітычныя погляды атрымалі вялікія тэрміны», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў многія краіны адмовіліся накіроўваць паслоў у Беларусь, такім чынам не прызнаючы легітымнасці Лукашэнкі. Прыезд швейцарскай амбасадаркі не змяніў сітуацыі, лічыць Аляксандр Класкоўскі.
«Гэта вельмі лакальная і ўяўная перамога, бо яна не вырашае нічога для канкрэтна Лукашэнкі ў плане легітымацыі і для беларускага рэжыму ў плане размарожвання заходняга вектару замежнай палітыкі», – лічыць Аляксандр Класкоўскі.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка, які ад пачатку папярэджваў пра небяспечнасць такога кроку, як прыезд амбасадара ў Беларусь, нагадвае што важна дабівацца вызвалення ўсіх.
«Ніхто не можа гарантаваць што заўтра чарговы замежны грамадзянін не стане закладнікам рэжыму. І зноў узнікне пытанне гандлю? Што зробіць у гэтай сітуацыі Швейцарыя? Адкліча амбасадара і будзе прызначаць новага?», – кажа кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка.
Швейцарскія ўлады дэкларуюць намеры працягваць спробы вызваліць людзей з-за кратаў у Беларусі.
«Я рады, што дыпламатычныя намаганні Швейцарыі акупіліся. Мы з амбасадаю Швейцарыі ў Беларусі працягваем заклікаць да вызвалення ўсіх, каго арыштавалі за рэалізацыю іхных палітычных і грамадзянскіх правоў», – напісаў у сваім Тўітэры прэзідэнт Швейцарскай канфедэрацыі Ігнац’ё Кассіс.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» палітычнымі вязнямі ў Беларусі прызнаныя 1060 чалавек.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»