Стартаваў калядны марафон салідарнасці з палітвязнямі


У Варшаве стартаваў калядны марафон салідарнасці з палітвязнямі. Да яго далучыліся беларусы з пяці краінаў свету і напісалі некалькі сотняў лістоў, якія неўзабаве адправяцца за краты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ўоркшоп для стварэння паштовак арганізавала ініцыятыва «Вольныя» – у межах каляднага марафону салідарнасці з палітвязнямі, які ўжо другі год запар праводзіць валанцёрская арганізацыі «Майстэрня».

Мы займаемся рэсацыялізацыяй вольных палітвязняў, шмат з імі камунікуем, і яны кажуць аб тым, як важна пісаць паштоўкі ў месца зняволення. Таму нам падалося вельмі прыемным і важным далучыцца да Каляднага марафону і зрабіць добрую справу не толькі тым, каб напісаць ліст, але і намаляваць«, – кажа менеджарка ініцыятывы «Вольныя» Юлія Лузіна.

Адная з арганізатарак ўоркшопу Дар’я Кароль – былая палітзняволеная. Дзяўчына чатыры месяцы правяла на Акрэсціна і Валадарцы. Паводле Дарʼі, лісты вельмі важныя для палітвязняў: яны ратуюць ад адзіноты і матывуюць не здавацца.

«Пішыце пра сябе, пішыце пра надворʼе, пра тое, што вас акружае вакол: што схадзілі на майстар-клас намаляваць паштоўкі. Напішыце, што праходзіць шмат мерапрыемстваў. Дайце чалавеку падтрымку і гэтага будзе дастаткова», – кажа былая палітзняволеная, арганізатарка ўоркшопу Дарʼя Кароль.

Сустрэчы для малявання і напісання паштовак для палітвязняў прайшлі ў васьмі гарадах Польшчы, Фінляндыі, Грузіі, Літвы і Украіны.

«Я планую напісаць, у першую чаргу, нашым палітыкам – Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу, якія з 2020-га знаходзяцца за кратамі», – кажа ўдзельнік Каляднага марафону Алесь Мінаў.

Агулам жа за тры з паловаю года існавання «Майстэрні» прадстаўнікі ініцыятывы і неабыякавыя беларусы даслалі за краты больш як пятнаццаць тысяч паштовак.

«У гэты час, калі столькі людзей застаюцца за кратамі, гэта самае маленькае, што мы можам зрабіць», – мяркуе адная з арганізатарак Каляднага марафону Магрэта.

«Заўсёды важна – святы ці не святы – пісаць гэтым людзям і казаць, што мы памятаем пра іх, не забываем», – кажа мастачка, удзельніца Каляднага марафону Дар’я.

Калядны марафон салідарнасці ад Майстэрні і «Вольных» – не адзіная ініцыятыва для падтрымання палітвязняў у святочны перыяд. Гэтак, «BYSOL» абвясціў фінансавы збор для дзяцей, чыіх бацькоў трымаюць за кратамі, а праваабаронцы «Вясны» выпусцілі спецыяльны гід для віншаванняў зняволеных беларусаў.

Наста Печанькова, Белсат