«Падкрэслівае слабасць і гніль у самым сэрцы сістэмы, якую збудаваў Пуцін». Сёння пра смерць 47-гадовага палітвязня паведаміла федэральная служба выканання пакаранняў Расеі.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«І рэжым, і Уладзімір Пуцін павінныя панесці персанальную адказнасць за ўсе тыя жахлівы рэчы, якія яны робяць», – заявіла на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі ўдава загінулага Аляксея Навальнага Юлія Навальная.
Вось як на гібель апанента Пуціна адрэагавалі ў Крамлі на пытанне пра магчымы тромб, што стаўся прычынаю смерці палітыка:
«Я не ведаю. Павінныя медыкі неяк высвятляць», – заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
Свае спачуванні родным Аляксея Навальнага выказала Святлана Ціханоўская. У Беларусі ў апошнія гады палітвязні паміралі за кратамі, смерць пагражае дзясяткам людзей, у тым ліку Сяргею Ціханоўскаму, а таксама Міколу Статкевічу і Марыі Калеснікавай, з якімі доўгі час няма сувязі.
«Аляксея, як і шматлікіх беларускіх палітвязняў, неаднаразова адпраўлялі ў ШІЗА. У лютым гэта зрабілі 27-ы раз. Мы ўсе бачылі на фота, як такія ўмовы ўтрымання адбіліся на ягоным стане. Менавіта таму ў мяне няма сумневаў у тым, што Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі.
Аляксей Навальны вядомы як крытык і выкрывальнік Уладзіміра Пуціна. За сваю палітычную дзейнасць неаднаразова зазнаваў адміністратыўны і крымінальны пераслед, а таксама фізічныя напады. У 2020-м Навальнага спрабавалі атруціць «Навічком». Расейскага апазіцыянера лячылі ў нямецкай клініцы «Charité». У сваім расследаванні Навальны выйшаў на выканаўцаў замаху з ФСБ.
Нягледзячы на перасцярогі, у 2021-м Навальны свядома вярнуўся з Нямеччыны ў Расею, дзе яго зняволілі спачатку на тры з паловаю гады, а летась, ужо за кратамі, асудзілі на 19 гадоў асобага рэжыму нібыта за экстрэмізм.
«Нашыя калоніі не знаходзяцца за Палярным колам, але падобна, што адміністрацыі калоніяў часам ствараюць у нашых беларускіх калоніях умовы, якія можна назваць катавальнымі», – звяртае ўвагу Павел Сапелка з праваабарончага цэнтру «Вясна».
Разам з тым Аляксей Навальны адзначаўся скандальнымі выказваннямі ў дачыненні суседніх народаў. Гэтак, у 2008 годзе ў сваім блогу ён абразіў беларускую мову:
«Як быццам бы сістэму пісьма прыдумалі “хачыкі”, якія аб’ядналіся з падонкамі».
Але ўжо 2020-м ён падтрымаў беларусаў у барацьбе:
«У Беларусі адбываецца змена свядомасці. Напэўна, наперадзе яшчэ вялікі няпросты шлях, але я ўпэўнены ў перамозе беларусаў. І я абсалютна захоплены ўсімі людзьмі, якія выходзяць на вуліцы, якія ўдзельнічаюць у страйках».
Апрача таго, Аляксей Навальны выказваў сумневы ў неабходнасці дэакупацыі ўкраінскага Крыму. Пазней ён змяніў пазіцыю.
«Яго смерць у расейскай турме, а таксама зацыкленасць і страх аднаго чалавека толькі падкрэсліваюць слабасць і гніль у самым сэрцы сістэмы, якую збудаваў Пуцін, – заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен. – Аднойчы Навальны будзе ў расейскіх падручніках як пакутнік у імя дэмакратыі».
Смерць Аляксея Навальнага прыцягвае дадатковую ўвагу да ўмоваў утрымання палітвязняў за кратамі, у тым ліку ў Беларусі, кажа Вадзім Мажэйка, рэдактар выдання «Беларусский ежегодник»:
«Не такім коштам хацелася б гэтыя тэмы актуалізаваць, але, на жаль, гэта вельмі сумны напамін: усе, хто знаходзіцца за кратамі… вельмі небяспечны іх лёс».
А таму трэба змагацца за вызваленне палітвязняў.
У Расеі ж да прэзідэнцкіх выбараў застаецца літаральна месяц. На выпадак сваёй смерці Аляксей Навальны пакінуў расейцам відэазапавет.
«Не здавайцеся. Калі гэта сталася, гэта значыць, што мы надзвычайна моцныя ў гэты момант, раз яны пастанавілі мяне забіць».
Вітаўт Сіўчык, «Белсат»