Апальнага міністра памілавалі?


Паводле крыніцаў «Белсату», на волю выйшаў былы міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа. За карупцыю чыноўнік адседзеў толькі паўтара года з прысуджаных яму сямі з паловаю гадоў. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Белсату» стала вядома, што экс-міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа мог выйсці на волю. Нашыя крыніцы паведамілі: дзявятага верасня Дрожжа пайшоў на сустрэчу са сваякамі ў калоніі нумар тры пад Віцебскам, дзе адбываў пакаранне, а з сустрэчы не вярнуўся. Перад тым да Дрожжы прыходзіла камісія наконт памілавання.

А гэта – сённяшняя размова з сынам былога чыноўніка, Кірылам Дрожжам:

– А як там Віталь Аляксандравіч, ці ўсё добра?

– Ну, здаецца, больш-менш так.

– А падкажыце, калі ласка, ці зможам мы з Віталём Аляксандравічам сустрэцца недзе ў горадзе?

– Вой, я, праўду кажучы, не ведаю. Ён, напэўна, не можа цяпер. Я як толькі нешта даведаюся, я тады вам ператэлефаную і скажу.

На просьбу сустрэчы з Віталём Дрожжам ягоны сын Кірыл паабяцаў дапамагчы і скантактавацца з бацькам. Ускосна гэта пацвярджае, што Віталь Дрожжа можа быць на свабодзе. Як такое магчымае?

«Віталь Дрожжа – былы міністр, ён уваходзіў у найвышэйшы склад нашай наменклатуры. І да яго іншае стаўленне, чым да ўсіх іншых асуджаных. Тое ж самае адбывалася з намеснікам старшыні “Беларусбанку” – спадаром Гаспадарыкам, ён таксама пры прысудзе 7,5 гадоў пабыў у калоніі 1,5 года і паехаў дадому», – тлумачыць бізнесовец, вядоўца праграмы «Атмасфера» і былы сядзелец ПК № 3 Аляксандр Кныровіч.

Сямю з паловаю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму экс-міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа быў пакараны за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Гаворка пра трыццаць тысяч долараў, якія Дрожжа атрымаў ад нямецкага бізнесмена за набыццё ў яго сушыльных комплексаў ды за поўную і своечасовую аплату куплі. Чыноўнік цалкам прызнаў сваю віну. Гэткі вырак Менскі гарадскі суд абвясціў усяго паўгода таму.

Віталь Дрожжа.
Фота: mlh.by

«Няма ніякіх умоваў акрамя таго, што трэба прызнаць цалкам віну ў тым, што адбылося, скампенсаваць цалкам тую шкоду, што была нанесеная дзяржаве, там некалькі дзясяткаў тысяч долараў, і сказаць: даруйце мне, калі ласка, паважаны спадар Лукашэнка, паважаны гаспадар, пусці мяне на волю, я зноў буду працаваць на цябе», – пракаментаваў Аляксандр Кныровіч.

Выпадак з памілаваннем Дрожжы – не ўнікальны, сцвярджае намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан:

«Гэта, насамрэч, даволі распаўсюджаная практыка ў рэжыме, калі дастаткова высокапастаўлены чыноўнік вызваляецца, атрымлівае свабоду, робіцца памілаваным і яму даюць нейкую іншую пасаду. Вельмі часта яму даюць нейкую іншую пасаду, якая не такая высокая, але таксама звязаная з нейкімі рэчамі».

Напрыклад, экс-кіраўніка «Белнафтахіму» Аляксандра Бароўскага пакаралі пяццю гадамі калоніі за карупцыю, але ўжо праз год ён быў прызначаны дырэктарам МАЗу. Або былы намеснік генпракурора Беларусі Аляксандр Архіпаў, які адседзеў толькі два гады з прысуджаных шасці і быў прызначаны дырэктарам стратнага калгасу. І такіх выпадкаў – безліч.

«Цяпер складваецца цяжкая сітуацыя, калі такія кадры, як Дрожжа – чалавек, які працаваў у шэрай зоне, то бок лясгас. Такія кадры патрэбныя для справаў, якія звязаныя з абыходам санкцыяў ці з нейкімі шэрымі схемамі. Таму доўга трымаць яго ў вязніцы – гэта нявыгадна банальна», – зазначае намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан.

Тая ж ананімная крыніца паведамляе, што ў папраўчай калоніі нумар тры магчымыя і іншыя памілаваныя. Маўляў, адміністрацыя рыхтуецца да візіту міністра МУС у кампаніі дзяржаўных прапагандыстаў Азаронка і Мукавозчыка.

Аліна Скрабунова, «Белсат»