«Politico»: Беларусь сакрэтна прадавала зброю Азербайджану


Колькі каштуе саюзнік? Лукашэнкаўская цана – адзін мільярд долараў. Менавіта на такую суму рэжым прадаў зброі Азербайджану перад яго леташняй вайною з Арменіяй. Пры гэтым і Беларусь, і Арменія – саюзнікі ў ваеннай арганізацыі АДКБ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка пастаўляў Азербайджану ўзбраенне для вайны з Арменіяй. Выданне «Politico» апублікавала расследаванне, згодна з якім, перадача зброі была перад вайной у Карабаху ў 2023 годзе. Журналісты называюць сярод паставак абсталяванне для артылерыі, сістэмы беспілотнікаў, супрацьдронавыя комплексы ды іншае.

«Там была нават зброя, якая спецыяльна для Азербайджану стваралася. Напрыклад, тыя ж самыя “Паланэзы”. Гэта праект, які Азербайджанам фінансаваўся. І відавочна, што для іх гэта было вельмі важна, удары гэтым наносіліся. Плюс таксама сістэма супрацьпаветранай абароны і боепрыпасы, што прадаваліся, таксама гэта ўсё ролю адыграла», – зазначае вайсковы аналітык «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Аб’ём гандлю зброяй з 2018-га да 2022-га перавысіў 1 мільярд долараў. Вайсковы наступ Азербайджану летась у верасні паклаў канец дэ-факта незалежнасці Нагорнага Карабаху і выклікаў масавы выхад 100 000 яго жыхароў.

«Азербайджанскае войска даволі шырока выкарыстоўвае колавыя шасі беларускіх аўтамабіляў МАЗ. Гэтыя звесткі не павінныя быць дзіўнымі ні для армянскага боку, ні для іншых краінаў свету, для заходніх СМІ, бо ёсць часткай адкрытых крыніцаў», – кажа вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка.

І Беларусь, і Арменія – чальцы Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Гэта ваенны альянс на чале з Масквою, створаны ў 2002 годзе. Тэарэтычна чальцы абавязаныя абараняць адзін аднаго ў выпадку нападу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка ў горадзе Фюзулі, Азербайджан. 17 траўня 2024 года.
Фота: president.az

«Канцэпцыя АДКБ існуе толькі на паперы, ніхто на гэта ўвогуле не звяргае ўвагі. Гэта саюз дыктатараў, які скіраваны дзеля таго, каб падтрымліваць гэтыя дыктатарскія рэжымы, аб’яднаныя гэтай арганізацыяй. То бок такая “Патройная ліга”, “Тройственны саюз”», – зазначае Зміцер Міцкевіч.

«Відавочна, Лукашэнка не любіць Пашыньяна як чалавека, які прыйшоў да ўлады ў выніку фактычна народных пратэстаў, народнай рэвалюцыі. Ці трэба лішні раз нагадваць, што ў Азербайджане дастаткова аўтарытарная ўлада, якая перадалася ад бацькі да сына? І гэты прыклад яўна можа падабацца Лукашэнку», – кажа палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Сёння стала вядома, што сакратар Рады бяспекі Арменіі возьме ўдзел у саміце міру ў справе Украіны, што мае распачацца заўтра ў Швейцарыі. Раней Расея неаднаразова заклікала краіны свету адмовіцца ад удзелу ў канферэнцыі.

«Арменія пачала адасабленні ад прарасейскіх структураў. І ўдзел у канферэнцыі ў Швейцарыі – гэта чарговы крок на гэтым шляху. Шлях гэты будзе вельмі нялёгкі для Арменіі, але я не лічу, што гэта зусім немагчыма», – мяркуе Віталь Цыганкоў.

Напярэдадні Менск і Ерэван узаемна адклікалі сваіх амбасадараў для кансультацыяў. Сёння ж МЗС Арменіі скіравала Беларусі афіцыйную ноту пратэсту ў сувязі з умяшаннем ва ўнутраныя справы Рэспублікі Арменія.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»