Дыпламаты Лукашэнкі праводзяць актыўную працу, каб дамагчыся адмены антываенных калійных санкцыяў. У саюзнікі спрабуюць узяць чыноўнікаў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў і кіраўніцтва краінаў, якія сімпатызуюць Расеі. Пры гэтым зноўку пагражаюць свету голадам, калі для «Беларуськалію» не разблакуюць порт у Клайпедзе і іншыя еўрапейскія маршруты.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Амбразевіч просіць ААН націснуць на Еўразвяз, каб адмяніць калійныя санкцыі. Намеснік міністра замежных справаў Лукашэнкі на Генеральнай Асамблеі ААН правёў адмысловыя перамовы са старшынём гэтай Генасамблеі, вугорскім дыпламатам Чабам Кёрэшы, а таксама з намеснікам Генеральнага сакратара ў эканамічных пытаннях, кітайскім дыпламатам Лі Цзюнь Хўа. Абодвум чыноўнікам Юрый Амбразевіч распавёў пра пагрозу харчовай стабільнасці ад еўрапейскіх антываенных калійных санкцыяў.
«Юрый Амбразевіч у кантэксце экспартных абмежаванняў адносна беларускіх калійных угнаенняў і іх негатыўных наступстваў для глабальнай харчовай бяспекі дадаткова заклікаў да выкаранення практыкі ўжывання аднабаковых прымусовых захадаў», – паведаміла Міністэрства замежных справаў Лукашэнкі.
Гэтая тэма не новая, нагадвае эканаміст Алесь Чайчыц. Еўразвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію» яшчэ мінулым летам, і з тых часоў дыпламаты Лукашэнкі шукаюць шляхі іх адмяніць ці прынамсі паслабіць.
«Ролю Беларусі пераацэньваць не варта, і сітуацыя не такая крытычная, як магла здавацца, калі ішла размова пра пагрозы ўкраінскім пастаўкам харчавання на сусветны рынак. Гэта апошняе, што ім застаецца рабіць, беларускім уладам і беларускім лабістам», – падсумоўвае Алесь Чайчыц.
Лабістам калійных прыбыткаў Лукашэнкі выступіў нават генсек ААН. Як паведамляў аўтарытэтны часопіс «Politico» са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў, Антонью Гутэрыш адмыслова прылятаў у Брусель на саміт і таксама казаў пра пагрозу голаду. Не спрацавала.
«Складаная сітуацыя. Ёсць лобі з некалькіх краінаў наконт зняцця санкцыяў адносна калійных угнаенняў. Ёсць такія краіны, як Літва, якія не хочуць здымаць (санкцыі), пакуль няма прагрэсу ў пытанні правоў чалавека ў Беларусі. Ёсць краіны, якія мяркуюць, што трэба ўзмацняць ціск. І мы такія сігналы бачым з ЗША», – распавёў тады «Белсату» Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.
Але ў Лукашэнкі і Пуціна ёсць саюзнікі, каб дапамагчы паслабіць санкцыі.
«Гэтая ідэя падтрымлівалася рознымі краінамі, перадусім Бразіліяй і іншымі спажыўцамі. Але нават на еўрапейскім узроўні была дастатковая колькасць арганізацыяў і краінаў, якія прыхільна ставіліся да гэтай ідэі», – распавядае Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера».
Паводле інфармацыі, атрыманай «Белсатам» са сваіх дыпламатычных крыніцаў, найбольш актыўна супраць антываенных калійных санкцыяў тады выступалі Бельгія, Данія і Францыя.
«Пастаўка ўгнаенняў, нашых і беларускіх, праз парты еўрапейскіх краінаў у краіны, якія развіваюцца, на рынкі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі дагэтуль забароненая, немагчымая», – скардзіўся Пуцін у верасні 2022.
З гэтай прычыны шукалі падтрымання і ў Інданезіі.
«Лічым скрайне важным аднавіць разбураныя санкцыямі ланцужкі паставак», – заяўляў Пуцін падчас візіту ў Маскву прэзідэнта Інданезіі Джока Ўідоды.
Але спробы ўжыць тэму голаду, каб маніпуляваць грамадскім меркаваннем, не апраўдаліся. Кошт тоны калійнай солі на сусветным рынку падскочыў, калі пачалася актыўная фаза вайны, але ў красавіку паволі пайшоў уніз. І сёння тона калій-хлору каштуе менш, чым 2 гады таму.
Гэтаксама заблакаваны Расеяй Адэскі порт цяпер адгружае ўкраінскае збожжа насуперак пуцінскай прапагандзе аб пагрозе сусветнага голаду.
«Была размова і пра тое, што давайце пусцім украінскія пастаўкі харчавання праз Беларусь у парты краінаў Балтыі. Але без пасярэдніцтва Лукашэнкі змаглі абысціся тады», – нагадвае Алесь Чайчыц.
Пасярэднікаў і саюзнікаў працягваюць шукаць. Сёння міністр замежных справаў Лукашэнкі Сяргей Алейнік у Будапэшце сустракаецца з вугорскім калегам Петэрам Шыяртам.
«Мне цяжка сабе ўявіць, што санкцыі могуць быць паслабленыя на фоне нядаўніх заяваў, што тактычная ядравая зброя будзе ў Беларусі, на фоне працягу міграцыйнага крызісу і гэтак далей», – падкрэслівае Андрэй Казакевіч.
Пры гэтым прадстаўнік Лукашэнкі ў ААН незаконнымі назваў менавіта антываенныя санкцыі.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»