Любоў пад прымусам. Дзень Дзяржаўнага сцягу ў Беларусі


12 траўня рэжым адзначае гэтак званы Дзень Дзяржаўнага сцяга гербу і гімну. Свята не мае фіксаванай даты і адзначаецца ў другую нядзелю траўня. У выходны дзень як на працу на вуліцы выводзяць дзяржслужбоўцаў, бюджэтнікаў ды дзяцей. А дзяржаўныя СМІ тыражуюць фота і відэа флэш-мобаў, танцаў і песняў сумнеўнай мастацкай значнасці. Цэлыя пакаленні беларусаў нарадзіліся і выраслі пры цяперашніх дзяржаўных сімвалах. Але ў больш свядомым веку многія маладзёны абіраюць для сябе іншую сімволіку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я з самага дзяцінства ведаў, што сапраўдныя дзяржаўныя сімвалы Беларусі гэта бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, а дзейныя сімвалы – чырвона-зялёны сцяг і сучасны герб – гэта сімвалы, якія прынятыя незаконным чынам»., – лічыць блогер «Тутэйшы Шляхціч» Усяслаў Пашкевіч.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня прызналі дзяржаўнымі сімваламі ў 1991 годзе. Аднак ужо праз чатыры гады – на рэферэндуме 1995-га – Лукашэнка вярнуў замест іх савецкую сімволіку. Шаснаццатага траўня тагачасны кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Іван Ціцянкоў сарваў бел-чырвона-белы сцяг з будынку Дому ўраду і разарваў на «сувеніры».

«Мы можа і не плакалі, але гэта быў вялікі шок і вялікая злосць на гэтую ўладу. Яна нібыта беларуская, але вырашыла пачаць менавіта з адмаўлення ад нацыянальных складнікаў і прыкметаў», – распавёў журналіст «Еўрарадыё», суаўтар кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» Зміцер Лукашук.

У 2020 годзе напярэдадні выбараў на мітынгі Святланы Ціханоўскай прыходзілі людзі як з нацыянальнай сімволікай, так і з чырвона-зялёнымі сцягамі.

«На Бангалор былі чырвона-зялёныя сцягі. Мне на той момант падавалася гэта нармальным. Гэта нармальна, што людзі прыходзілі з тымі сімваламі, з якімі сябе асацыююць», – лічыць экс-капітанка зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна.

Аднак калі пачаліся пратэсты супраць фальсіфікацыяў і ґвалту, беларусы выходзілі на вуліцы выключна з бел-чырвона-белымі сцягамі.

«Усё добрае, праз што я прайшла з чырвона-зялёным сцягам у мяне скончылася. Засталіся толькі боль, згадкі пра забойствы і мучэнні беларусаў за тое, што яны выказалі сваю пазіцыю», – дадае экс-капітанка зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна.

Пасля 2020 года святкаванню Дня дзяржаўнага сцягу ўлады надаюць асаблівую ўвагу. У гонар свята ладзяць флэш-мобы, велапрабегі ды прымаюць школьнікаў у піянеры. У Валожынскім раёне сёлета пройдзе аўтапрабег, у хадзе якога падораць чырвона-зялёныя сцягі прадпрыемствам і арганізацыям, вывешаным на дошку Гонару. Чаго такім чынам дамагаюцца ўлады?

«Лічыцца, што вось дзякуючы прымусу нейкая любоў да лукашэнкаўскай сімволікі з’явіцца. Але гісторыя паказвае, што не зʼявіцца. А такія спробы такія ідуць. Гэта спроба нарэшце распрацаваць ці ўціснуць у галаву беларусу вось гэтую сваю лукашэнкаўскую ідэалогію», – сказаў журналіст «Еўрарадыё», суаўтар кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» Зміцер Лукашук.

Навязаць любоў да свайго сцягу рэжым намагаецца і праз страўнік. Напрыклад, летась у сталоўцы мазырскай ЦЭЦ прапанавалі пакаштаваць чырвона-зялёную нарэзку і жэле.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»