Выбары ў Еўрапарламент прайшлі ва ўсіх 27-мі краінах аб’яднанай Еўропы. Найбольш галасаванне паўплывала на сітуацыю ў Францыі.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Пасля таго, як у галасаванні ў Еўрапарламент выйграла ультраправая кансерватыўная партыя «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пэн, у краіне прайшлі акцыі пратэсту супраць правых. А прэзідэнт краіны Эманюэль Макрон абвясціў датэрміновыя нацыянальная выбары ў заканадаўчыя органы ўлады:
«Гэта рашэнне сурʼёзнае і складанае, але гэта перш за ўсё акт даверу – упэўненасці ў вас, мае суграмадзяне, у здольнасці французскага народу зрабіць справядлівы выбар для сябе і для будучых пакаленняў».
Гэты крок робіць будучы палітычны кірунак Еўропы менш пэўным, бо пройгрыш Макрона перадаў бы палітычную ўладу ў краіне правым.
«У нашым выпадку яны бачылі нашае набліжэнне, але не змаглі нас спыніць», – так на перамогу адрэагавала прэмʼер-міністр Італіі Джорджа Мэлёні.
Кансерватыўная партыя «Браты Італіі» Джорджы Мэлёні ажно ў чатыры разы палепшыла свой вынік у параўнанні з папярэднімі выбарамі. Ультраправыя партыі ўзмацнілі пазіцыі ў Аўстрыі і Нямеччыне. Так, сацыял-дэмакраты Оляфа Шольца паказалі найгоршы вынік у гісторыі. Яны страцілі ў параўнанні з кансерватарамі, а таксама ультраправай «Альтэрнатывай для Нямеччыны», якая супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі.
«Французска-нямецкі матор, як кажуць, лакаматыў, вядзе ўвесь Еўразвяз за сабой. Гэта і замежная палітыка, гэта і абарона, бяспека, эканоміка. І вельмі незадавальняючыя вынікі, таму там цяпер шмат хаосу», – тлумачыць палітолаг Кацярына Глод.
Паводле папярэдніх падлікаў, правыя атрымаюць менш галасоў, чым прагназавалася, разам – каля чвэрці. Найбуйнейшай жа палітычнай групай застанецца Еўрапейская народная партыя, якая можа атрымаць 185 мандатаў. Сотня дэпутатаў – новаабраныя і тыя, хто не далучыўся да нейкіх групаў. Яны маюць час гэта зрабіць да 16-га ліпеня, калі новы Еўрапарламент збярэцца на інаўгурацыйную сесію ў Страсбуры. Агулам у Еўразвязе – каля трохсот сямідзесяці мільёнаў выбарнікаў, на выбарах абралі 720 дэпутатаў.
«Гэты парламент не працуе з урадам і апазіцыяй, ён працуе з большасцю. Мы бачым, што канструктыўны праеўрапейскі цэнтр вытрымаў, менавіта гэты цэнтр, паводле прагнозаў, будзе абапірацца на еўрапейскі праект, з якім мы маем працаваць», – заявіла старшыня Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля.
Большасць палітычных сілаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, падтрымліваюць Украіну і выступаюць за жорсткую палітыку ў дачыненні Расеі. Напярэдадні выбараў спецслужбы шэрагу краінаў, у прыватнасці Чэхіі і Бельгіі, заявілі пра раскрыццё расейскай сеткі ўплыву на выбары ў Еўрапарламент. Сярод асноўных зменаў у палітыцы абʼяднанай Еўропы адмыслоўцы называюць змяншэнне цікавасці да экалогіі.
«Пытанні, звязаныя з сельскай гаспадаркай, рэформы сельскай гаспадаркі, пытанні звязаныя з міграцыяй, пытанні звязаныя з вайной і тое, што называецца праблемай зніжэння пакупніцкай здольнасці людзей ва ўсім Еўрапейскім Звязе», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.
Стаўленне ж да беларускіх дэмакратычных сілаў у Еўропе не зменіцца, мяркуюць нашыя суразмоўцы.
«Ціханоўская застанецца прызнаным лідарам апазіцыі, але ніякіх новых планаў адносна будучыні Беларусі прынята не будзе. То бок падтрыманне Еўропы застанецца сімвалічнае, а не будуць прынятыя некія кардынальныя захады, каб пахіснуць рэжым Лукашэнкі і прывесці Беларусь да дэмакратычнай будучыні», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў.
Між іншага, у складзе Еўрапарламенту застаюцца сябры дэмакратычнай Беларусі з суседніх краінаў – Польшчы, Літвы і Латвіі.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»