Тэлефонных махляроў-брокераў становіцца ўсё больш


Сямнаццаць крымінальных справаў за кастрычнік толькі ў Менскай вобласці і амаль паўмільёна нанесенай шкоды. Следчы камітэт паведамляе пра рост колькасці тэлефонных махляроў, звязаных з трэйдынгам – продажам каштоўных папераў праз фондавыя біржы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Карыстальнікаў сацыяльных сетак заманьваюць інвестыцыямі на фэйкавых біржах. Ім прапаноўваюць укласціся ў крыптавалюту або каштоўныя паперы вядучых прадпрыемстваў краіны і абяцаюць нечуваны заробак: замест 4-5 % гадавых махляры абяцаюць ад 10 да 30 %», – кажа начальнік аддзелу Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Васіль Шупляк.

Ілжэброкеры на адмыслова створаных сайтах імітуюць працу інвестыцыйных фондаў. Дзеля пераканаўчасці кліент сочыць за аперацыямі ў сваім інтэрнэт-кабінеце, яго заахвочваюць укладваць новыя сродкі і могуць рабіць нават нязначныя выплаты. Калі ж лічбы робяцца вялікімі, а ахвяра спрабуе забраць грошы, ілжэброкеры патрабуюць сплаціць падатак. Атрымаўшы яго, махляры знікаюць.

Дзеюць такія аферысты не толькі на Меншчыне. 50-гадовая гамяльчанка паверыла, што інвестыцыйную праграму стварылі «Беларуснафта» і «Беларуськалій».

«Пасля запаўнення анкеты з жанчынай звязаўся нібыта спецыяліст біржы, які пераканаў яе ўсталяваць на смартфон аплікацыю дыстанцыйнага доступу. У выніку за два месяцы такой працы ахвяра выдаткавала свае ашчаджэнні», – кажа намеснік начальніка ўпраўлення супрацьдзеяння кіберзлачыннасці УУС Гомельскай вобласці Вадзім Борсук.

Чым больш вядома пра падман, тым менш людзей на яго ловіцца. Таму да такіх ужо дастаткова вядомых махлярстваў, як званок з банку або з сілавых органаў, увесь час дадаюцца новыя.

«Зламыснікі называюцца асобамі жаночага полу на сайтах знаёмстваў ці ў сацыяльных сетках, знаёмяцца з мужчынамі і прапануюць прабавіць час на спатканні ў кавярні, кінатэатры ці іншым месцы», – тлумачыць схему намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення супрацьдзеяння кіберзлачыннасці МУС Аляксандр Рыгневіч.

Пасля таго, як ахвяра на падстаўным сайце ўводзіць рэквізіты карткі, каб заплаціць за квіткі ці за рэзерваванне століка цягам некалькіх хвілінаў з рахунку знікаюць грошы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Anete Lusina / Pexels

У гэтых выпадках ахвяры самі выдаюць махлярам рэквізіты карткі ды іншыя неабходныя звесткі. Але апублічванне персанальнай інфармацыі часта ад карыстальніка не залежыць, падкрэслівае адмысловец у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.

«Паўсюль мы паведамляем імя, прозвішча, магчыма, нумар пашпарта, нумар тэлефону і мэйл. Адпаведна, у залежнасці ад колькасці сэрвісаў, дзе мы гэта выкарыстоўваем, у гэтых сэрвісах можа адбыцца выцек звестак і потым зламыснікі купляюць гэтую базу дадзеных».

Напрыклад, сёлета ў ліпені паведамлялася пра выцек дадзеных карыстальнікаў крамаў «Буслік» і «Востраў чысціні», а таксама фірмы «Юркас», што ставіць дзверы. Агулам гэта каля мільёна патэнцыйных кліентаў для махляроў. Сілавікі не ў стане перадухіліць гэтыя выцекі. Як і не могуць адшукаць злачынцаў, бо найчасцей тыя дзеюць з-за мяжы. Але пасля 2020 года ад супрацы з Беларуссю, у тым ліку на лініі праваахоўных органаў, заходнія партнёры адмовіліся.

«У першую чаргу звязана з вайной ва Украіне і з выбарамі ў 2020-м. Таму не адбываецца абмену дадзенымі ў праваахоўнай сістэме. Пра гэта ведаюць злачынцы і гэтым добра карыстаюцца», – кажа прадстаўнік «BYPOL» Станіслаў Лупаносаў.

Першае правіла лічбавай бяспекі, апроч прыхоўвання асабістых звестак і пароляў, – падазрона ставіцца да любых запытаў, не давяраць прапановам, раяць адмыслоўцы.

«Звычайна зламыснікі спрабуюць падлавіць карыстальніка ў момант, калі ёсць абмежаванні ў часе, позна ўвечары ці раніцай, ці ў сярэдзіне працоўнага дня, калі ты не можаш дастаткова часу надаць запыту, што да цябе ідзе», – кажа Мікалай Кванталіяні.

За прыспешваннем найчасцей стаіць спроба не даць кліенту магчымасці параіцца, падумаць, спраўдзіць інфармацыю. А менавіта гэта і трэба рабіць, перш чым аддаць грошы ці звесткі пра сябе. Нагадваем, працаўнікі банкаў не звязваюцца з кліентамі праз мэсэнджары ці з замежных нумароў, а таксама без вашага запыту не мусяць спраўджваць дадзеныя картаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»