Кангрэс ЗША сёлета прыме новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі


Не толькі маштабныя палітычныя рэпрэсіі супраць беларусаў, але і працяг міграцыйнага крызісу на мяжы з Еўразвязам ды саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны. Новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, праект якога апублікаваў Кангрэс ЗША, будзе адказам на ўсе гэтыя дзеянні рэжыму Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Патрэбныя новыя механізмы як дапамогі дэмакратычным сілам, так і новыя механізмы стрымлівання рэжыму Лукашэнкі. Таму гэта вельмі важны дакумент. І гэта вельмі добра, што ён зараз атрымоўвае актуальнае для бягучых выклікаў абнаўленне», – адзначыў амерыканіст Антон Пянькоўскі.

Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі будзе пятаю рэдакцыяй дакументу, які Злучаныя Штаты ўпершыню ўхвалілі яшчэ ў 2004 годзе. Як і ў папярэдняй версіі 2020-га, у новым дакуменце аўтары заклікаюць вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі. Але цяпер яны таксама патрабуюць спыніць выкарыстанне беларускай тэрыторыі для агрэсіі Расеі ва Украіне, а рэжым Лукашэнкі – прыцягнуць да адказнасці як саўдзельніка праз механізмы міжнароднага правасуддзя.

Згодна з дакументам, ЗША разам з Еўразвязам, Вялікай Брытаніяй ды іншымі краінамі працягнуць санкцыйны ціск. Прычым не толькі на рэжым Лукашэнкі.

«Прапануецца ўводзіць санкцыі да тых асобаў, якія датычныя да ўмяшальніцтва Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі, падпарадкаванне Беларусі. То бок фактычна гэта адкрывае магчымасці для ўвядзення амерыканскіх санкцыяў супраць расейскіх чыноўнікаў, кіраўніцтва краіны за тое, што яны робяць супраць Беларусі», – заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

У новай рэдакцыі Акту Кангрэс ЗША працягвае настойваць на незаконнасці рэжыму Лукашэнкі. У процівагу гэтаму легітымным інстытутам амерыканскія парламентарыі прызналі цяпер не толькі Каардынацыйную раду, але і Абʼяднаны пераходны кабінет. Менавіта яны могуць удзельнічаць у дыялогу аб мірнай перадачы ўлады. А яшчэ Акт заклікае правесці свабодныя, справядлівыя выбары ў Беларусі ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. Але ці паўплывае прыняцце гэтага дакументу на сітуацыю ў Беларусі?

«Гэта не шараговая папера. Гэта не нейкая бюракратычная фармальнасць. Гэты дакумент зʼяўляецца краевугольным заканадаўчым актам, які актывізуе і рэгулюе дапамогу народу Беларусі», – падкрэсліў Антон Пянькоўскі. А вось Валер Кавалеўскі зазначыў:

«Я бы не сказаў, што сам гэты законапраект прывядзе да нейкіх прынцыповых зменаў у тым, што адбываецца. Але ён вельмі ўзмацніць тую палітыку, якая ўжо была сфармаваная ад 2020 года. Якая вельмі нацэленая, вельмі практычная. Але мы разумеем, што пакуль справа не вырашаная».

Прыняць абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі абедзве палаты амерыканскага Кангрэсу плануюць сёлета да канца года.

Ірына Юрʼева, «Белсат»