Сёлета ў Беларусі – небывалы ўраджай грыбоў. Сацыяльныя сеткі поўняцца відэа палянаў ды кошыкаў з баравікамі, лісічкамі ды не толькі. Інтэрнаўты ўжо прыдумалі назву гэтай з‘яве – грыбная ліхаманка. Беларусы актыўна хваляцца на сваіх старонках здабычамі з ціхага палявання. А пахваліцца сапраўды ёсць чым.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Праз такую прагу беларусаў да ціхага палявання ў лясах пад Бабруйскам нават утварыліся аўтамабільныя заторы. Чаму гэтае лета стала надзвычай урадлівым на грыбы?
«Спачатку ў нас было вельмі горача, а пасля гарачыня крыху паменшылася, пачаўся сезон дажджоў і гэта якраз прывяло да таго, што грыбоў стала вельмі шмат», – распавёў эколаг Сяржук Герасімовіч.
Збор грыбоў у лесе яшчэ параўноўваюць са шпацырам на мінным полі. Усё праз тое, што недасведчаны грыбнік можа пераблытаць ядомы грыб з неядомым ды атруціцца. Пры з’яўленні першых сімптомаў неабходна неадкладна тэлефанаваць у хуткую дапамогу. Але і да прыезду медыкаў лепей не бяздзейнічаць.
«Першыя сімптомы атручвання суправаджаюцца ванітамі і паносам, але нават у гэтых умовах рацыянальна будзе прыняць актываваны вугаль. Але не 1 ці 2 таблеткі, а 30-40 адначасова», – заявіў таксіколаг Сяргей Недашкоўскі.
Таксіколагі перасцерагаюць: дзецям да дванаццаці гадоў увогуле не рэкамендуецца ўжываць дзікарослыя грыбы.
«У дзіцячым арганізме яшчэ цалкам не сфармавалася дэтаксікацыйная сістэма, у якой ключавую ролю адыгрывае печань. Таму дзеці нашмат цяжэй, чым дарослыя, пераносяць атручванне. Таму трэба вельмі ўзважана ставіцца да збору грыбоў і іх кулінарнай апрацоўкі», – дадаў Сяргей Недашкоўскі.
Каб зберагчы сваё здароўе, трэба прыслухацца да парадаў дасведчаных грыбнікоў.
«Самае галоўнае правіла – збіраць тое, што вы ведаеце. Калі вы сумняваецеся – не бярыце. Вось гэта самае важнае правіла. Я ведаю каля 15 відаў грыбоў, таму ўсё сваё жыццё я іх і збіраю», – параіў грыбнік Алесь Дзянісаў.
Ціхае паляванне нясе яшчэ адную небяспеку. За мінулыя содні ў лясах Беларусі падчас збору грыбоў згубіліся дзесяцёра асобаў. Такія выпадкі зафіксавалі каля Воршы, Крупак, Клічава ды Узды. Таму перад тым як ісці па грыбы, спраўдзіце, ці няма ў вашым раёне забароны на наведванне лясоў. Карысна будзе ўзяць з сабою запас ежы, ваду, нож, запальнічку, заладаваны мабільны тэлефон. Адзенне і абутак больш зручныя з воданепранікальных матэрыялаў. Варта мець на сабе яркі элемент, які дапаможа не застацца незаўважным у выпадку, калі заблукаеце. Трымайцеся гэтых простых правілаў – і тады лес прынясе вам толькі прыемныя сюрпрызы. Грыбных вам палянаў і поўных кошыкаў!
Андрэй Сульжыц, «Белсат»