Пры пераходзе мяжы КДБ дае беларусам выбар: карта паляка – або содні


Вайна з нацыянальнай меншасцю. Працаўнікі КДБ ставяць беларусаў перад нялёгкім выбарам: або адмова ад карты паляка або содні ці іншыя праблемы. Паведамляюць праваабаронцы «Вясны». 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

 

На ўладальнікаў картаў паляка палююць на беларуска-польскай мяжы. У пунктах пропуску айчынныя памежнікі вылучаюць такіх асобаў з агульнай плыні і адпраўляюць на размову з працаўнікамі КДБ.

«Гэта логіка рэпрэсіяў: тут рэальнай логікі часта няма. Канешне, вобраз ворага малюецца з Польшчы і абвастраецца сітуацыя. Такім чынам ціснуць, і яшчэ невядома, як Польшча адкажа на гэта», – кажа праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Праваабаронцам вядома прынамсі пра дзясятак прапановаў уладальнікам карты паляка напісаць нібы добраахвотную адмову ад гэтага дакументу. Тым, хто не пагаджаецца, пагражаюць. Пацверджанне інфармацыі атрымаў і наш тэлеканал. Вось што на ўмовах ананімнасці распавяла крыніца:

«З майго аўтобуса нікога не затрымалі, але з іншага, які быў наперадзе нас, затрымалі дваіх. Кіроўца пытаўся ў памежнікаў, ці трэба чакаць гэтых людзей. Не ведаю, што там яму адказалі, але далей тыя асобы не паехалі».

Зразумець, у каго менавіта з пасажыраў ёсць карта паляка, памежнікам дапамагае пазнака на візе «мэта выдання 18». Пераслед польскай меншасці – даўняя пазіцыя рэжыму Лукашэнкі, зазначае журналіст парталу «reform.by» Аляксандр Атрошчанкаў:

«Па-першае, нічога новага няма ў тым, што ўлады Беларусі разганяюць антыпольскую істэрыю, ніколі не хавалі, што раздражнёна глядзяць на тое, што беларусы атрымліваюць карту паляка. Па-другое, гэта кажа пра стаўленне дзяржавы да грамадзянаў Беларусі як да ўласнасці».

Карта паляка.
Фота: belsat.eu

Пад выглядам простага жыхара мы пазванілі на гарачую лінію Памежнага камітэту. Там паведамілі, што карту паляка сапраўды могуць запатрабаваць паказаць падчас памежнага кантролю – і грамадзянін мусіць выканаць гэтае патрабаванне:

– Дзеля ўпэўненасці, кантралёр толькі дзеля афармлення, нікуды ён яе не забярэ.

– А могуць папрасіць напісаць адмову ад гэтай карты?

– Не, не. Гэта проста афармленне.

– А калі будуць нейкія дзеянні такія?

– Вы спачатку ўдакладніце, якая гэта структура. Памежнікі гэта ці не памежнікі, бо нам гэтага не трэба, мы гэтым не займаемся.

Ніякіх законных падставаў для патрабаванняў напісаць адмову ад карты паляка не існуе, як не існуе і ўніверсальнага ж механізму ўладкавання сітуацыі, тлумачыць праваабаронца Раман Кісляк:

«Аб’ектыўна трэба прызнаць, што трэба глядзець паводле сітуацыі. І не выключаю, што ў рэальнасці могуць паследаваць содні пасля адмовы ад такой прапановы. Не хачу нікога пужаць, але, на жаль, Беларусь не ёсць прававой дзяржавай».

Беларуска-польскія стасункі перажываюць не найлепшыя часы, сярод праблемаў: мігранцкі крызіс, замкнёныя межы, пераслед палякаў у Беларусі. Рэжым Лукашэнкі трымае ў закладніках журналіста і сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута, які пакараны 8 гадамі калоніі.

«Генеральная тэндэнцыя, можна ўжо казаць, такая, што ідзе на зачыненне мяжы, пабудаванне ў пэўным сэнсе новай жалезнай заслоны. І зразумела, што беларусы ўсё больш і больш будуць сустракаць праблемы з выездам за мяжу», – мяркуе журналіст «reform.by» Аляксандр Атрошчанкаў.

У сваю чаргу, польскія ўлады дапамагаюць беларусам, якія мусілі бегчы ад пераследу на Радзіме. Так, з 1 ліпеня Польшча пачала выдачу так званых падарожных дакументаў, што стануць заменаю пашпарту для беларусаў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»