Без лімузінаў, дыджэяў, але з абавязковым узгадаваннем вайны: выпускныя-2024 пройдуць згодна з патрабаваннямі Лукашэнкі. Рэкамендацыі для школаў падрыхтаваў камітэт адукацыі Менгарвыканкаму. Паводле старшыні камітэту Андрэя Стрыгельскага, свята пачнецца чатырнаццатага чэрвеня а восьмай вечара – з традыцыйных уручэння атэстатаў і выступаў школьнай самадзейнасці.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
У канцэрты сёлета дададуць ідэалагічны складнік. Сярод іншага, дзецям прапануюць распрацаваць нумары пра васьмідзесяцігоддзе вызвалення Беларусі ад немецка-фашысцкіх захопнікаў і пра так званы год якасці.
«З 2020 году ў Беларусі аўтарытарны рэжым перайшоў да таталітарызму. То бок рэжым – ён таксама зрабіў крок у эвалюцыі, ці ў дэградацыі – тут як гэта ўжо разумець. Таму, канешне, для іх школа – гэта частка, якую трэба болей кантраляваць», – кажа былы настаўнік Уладзіслаў Бохан.
Запрашаць на выпускныя артыстаў і дыджэяў не варта, як і шукаць больш урачыстыя пляцоўкі для імпрэзаў. Банкеты пройдуць сціпла – у школьных сталовых. Для гэтага Камбінат школьнага харчавання распрацаваў спецыяльнае выпускное меню.
«Гэта нешта новае. Раней было як: трэба было, каб родзічы мелі кансэнсус. Калі яны вырашылі разам святкаваць дзесьці па-за школай, то была такая магчымасць», – адзначае былы настаўнік.
Праехацца да школы на лімузінах ці святочных картэжах выпускнікі таксама не змогуць. Гэтыя забавы Лукашэнка назваў празмернасцю.
«Тое, што ў яго самога куча рэзідэнцый і ўсяго астатняга, як жывуць ягоныя набліжаныя і якія яны велізарныя грошы маюць і куды гэтыя грошы маглі б пайсці – напрыклад, на дапамогу людзям, – пра гэта ніхто не кажа. То бок гэта такая хітрая маніпуляцыя», – адзначае клінічны псіхолаг Азалія Аліева.
Са словаў Лукашэнкі, абмежаванні – і падчас выпускных, і падчас навучання – уводзяцца, каб нікому з вучняў не было крыўдна. Маўляў сацыяльную несправядлівасць ён адчуў на сваёй скуры.
»Адзін гэты дзень у жыцці дзяцей нічога не зменіць, але калі ўвесь час рабіць “ураўнілаўку”, у прынцыпе, як прынцып жыцця, то гэта, вядома, дэматывуе. Таму што людзі ўсе розныя, а калі гэта ніяк не будзе ацэнена, тады навошта да чагосьці імкнуцца?«, – дадае Азалія Аліева.
Сёлета са школаю развітаюцца больш як 11 600 адзінаццацікласнікаў. Пасля заканчэння абавязковай праграмы, вучняў запросяць у школьныя двары або ў найбліжэйшыя паркі. Там, пад кантролем настаўнікаў, дзецям прапануюць сустрэць іхны першы «дарослы» світанак.
Кацярына Гардзеева, «Белсат»