Указ Лукашэнкі: помста ці спроба вярнуць «беглых»?


Вы за мяжою і хочаце атрымаць новы беларускі пашпарт? Прыходзьце ў амбасаду. Надумалі прадаць на радзіме дом ці аўта? І гэтую праблему тэарэтычна можаце развязаць у дыпламатычным прадстаўніцтве. Пакуль што можаце. Але неўзабаве, каб зрабіць і першае, і другое, трэба будзе прыехаць у Беларусь. З якою мэтаю Лукашэнка ды ягоныя памагатыя змяняюць парадак выдачы дакументаў беларусам за мяжою?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На сайце «president.gov.by» з’явіўся тэкст указу № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў». Між іншага, паводле гэтага ўказу, беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы не будуць выдаваць пашпартоў суайчыннікам, якія жывуць за мяжою.

«Фактычна цяпер беларускі грамадзянін, калі ён фізічна не ў Беларусі, то ягоныя правы пачынаюць абмяжоўвацца, пры гэтым незразумела, на якой падставе. У грамадзянаў Беларусі няма абавязку жыць у Беларусі», – кажа каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Сёлета ў ліпені «Кіберпартызаны» паведамілі пра ўсяго 16 зваротаў у гэтак званую камісію для вяртання ў Беларусь палітычных мігрантаў. Наколькі верагодна, што Лукашэнка спадзяецца, што гэткі ўказ прастымулюе ўцекачоў вяртацца больш актыўна?

«Гэта звычайная помста ад Аляксандра Лукашэнкі тым, хто нязгодны з тым, што адбываецца ўнутры краіны. Канечне, ён разумее, што асобы, якія вымушаныя былі прымусова пакінуць Беларусь з палітычных прычынаў, не паедуць вырашаць свае побытавыя пытанні пад пагрозаю сесці ў турму», – мяркуе юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 16 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Тым не менш у сувязі з новым указам да беларусаў звярнулася Святлана Ціханоўская:

«Дарагія беларусы, прашу вас не паддавацца паніцы і не рабіць неабдуманых учынкаў. Нават калі тэрмін вашага пашпарта заканчваецца, не варта вяртацца на радзіму, калі вам пагражае пераслед».

Апроч таго, паводле новага ўказу Лукашэнкі, аформіць угоды з маёмасцю, напрыклад прадаць кватэру, дом альбо аўта, можна будзе альбо пасля асабістага звароту, альбо праз даверанасць, аформленую на тэрыторыі Беларусі.

«Людзі не змогуць распараджацца сваёй маёмасцю, калі яны не маюць даверанасці, выдадзенай ім на тэрыторыі Беларусі, або калі яны самі не паедуць у Беларусь. Застаецца толькі сказаць: добра, што яшчэ рэжым не адбірае маёмасці, але думаю, што гэта будзе наступным крокам», – адзначвае Арцём Праскаловіч.

Вадзім Мажэйка звяртае ўвагу, што помста Лукашэнкі палітычным уцекачам закране не толькі іх, але і любога ўладальніка беларускага пашпарта, які жыве за мяжою:

«Фактычна рэжым проста ігнаруе тую велізарную колькасць праблемаў, якія ён на роўным месцы стварае для беларусаў, што шмат гадоў жывуць у Азіі, напрыклад, у Паўднёвай, Паўночнай Амерыцы, шмат у якіх краінах, маюць беларускі пашпарт, магчыма, маёмасць у Беларусі, і гэтых людзей фактычна караюць ні за што».

Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі ў сваю чаргу адзначае, што новы ўказ Лукашэнкі робіць яшчэ больш актуальным праект пашпарта новай Беларусі:

«Гэтая захада, гэтае новаўвядзенне рэпрэсіўнага механізму з боку рэжыму дапаможа абгрунтаваць перад іншымі дзяржавамі, якія будуць прымаць рашэнне аб прызнанні гэтага дакументу, што сапраўды ў гэтага ёсць неабходны кантэкст, сапраўды трэба такое рашэнне прымаць».

Сам жа ўказ Лукашэнкі, адзначае палітык, лагічна дапаўняе ягоны ж закон, паводле якога фактычна за іншадумства рэжым можа пазбаўляць беларусаў грамадзянства.

Алесь Яшчанка, «Белсат»