Дзевяноста пяць адсоткаў – «за». У Венесуэле адбыўся рэферэндум наконт далучэння ў склад краіны большай часткі тэрыторыі суседняй дзяржавы, Гаяны.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Гэты рэферэндум стаўся гістарычным для нацыянальнага звязу. Сёння ў краіне няма пераможцаў і пераможаных. Адзіны пераможца – народ Венесуэлы, годнасць і суверэнітэт Венесуэлы. Адзіныя прайгралыя – урад Гаяны, нафтавая кампанія “ExxonMobil” і паўночнаамерыканская імперыя», – заявіў прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура.
Цяпер Каракас плануе стварыць на землях суседняй краіны венесуэльскі штат Гаяна-Эсэкіба, а тамтэйшым жыхарам раздаць венесуэльскія пашпарты. Сітуацыя выглядае знаёмай.
«Тое, што зрабіў Мадура, да гэтага не дадумаўся нават Пуцін, – мяркуе лацінаамерыканістка Алена Богуш. – Таму што быў так званы рэферэндум у Крыме і на Данбасе. Але правесці рэферэндум у Расеі, і спытаць у расейцаў, ці жадаюць яны Крым і Данбас, але пры гэтым не спытаць жыхароў Крыму і Данбасу – да гэтага Пуцін не дадумаўся».
Землі, на якія выстаўляе правы Венесуэла, калісьці сапраўды ёй належалі. Праўда, тады сама Венесуэла была калоніяй Іспаніі. Падчас вайны за незалежнасць паміж гэтымі краінамі ў дзевятнаццатым стагоддзі да канфлікту далучылася Вялікая Брытанія. Яна ўключыла тэрыторыю ў дэльце ракі Эсэкіба ў склад сваёй тагачаснай калоніі, Брытанскай Гаяны.
«Ёсць рэсантымент. Бо стаўленне Венесуэлы да гэтай тэрыторыі фармавалася не ўчора і не пазаўчора. Яна ўспрымаецца як несправядліва адабраная, – кажа палітолаг-міжнароднік, эксперт аналітычнага цэнтру “Аб’яднаная Украіна” Дмытро Лэвусь. – То бок гэта такое прыніжэнне, якое неяк трэба выпраўляць. Гэта вельмі падобна на ўспрыманне Крыму ў расейскай міфалогіі».
Венесуэла аднавіла свае прэтэнзіі на спрэчныя тэрыторыі восем гадоў таму, калі выявілася, што ў тамтэйшых прыбярэжных водах адкрылі вялікія радовішчы нафты і газу. Ці рэальнае ўладкаванне Венесуэлай сітуацыі сілавым шляхам? Асабліва цяпер, калі свет пабачыў, як Расея парушыла сусветна прызнаныя межы ды анексавала часткі Грузіі і Украіны.
«Ёсць ілюзія таго, што гэтая перамога можа быць лёгкаю, бо дазваляюць вайсковыя магчымасці. І ёсць разлік на тое, што не будзе вонкавага ўмяшання. Тое, што ў такім выпадку сітуацыя пагоршыцца і аўтарытэт як міжнародных інстытуцыяў, так і рэгіянальных сістэмаў бяспекі будзе падмочаны чарговым разам, відавочна. Як і тое, што гэта ў інтарэсах Расеі ды іншых гэткіх рэжымаў», – кажа Дмытро Левусь.
Да таго ж, на думку Алены Богуш, Нікаляс Мадура мае і ўнутрыпалітычныя матывы для меркаванай інтэрвенцыі:
«У яго таксама ў наступным годзе выбары. Сітуацыя эканамічная ў краіне проста “швах”, і яму трэба неяк згуртаваць народ. Адсюль вось гэтая ідэя нацыяналізму, што гэта наша тэрыторыя, мы 200 гадоў за яе змагаемся».
Гаяна, армія якой, паводле афіцыйных звестак, налічвае дванаццаць тысяч вайскоўцаў і меншая за венесуэльскую амаль у трыццаць разоў, раней звярнулася ў міжнародны суд ААН з просьбай адмяніць скандальны рэферэндум. Суд пастанавіў гэтага не рабіць. Затое спадзевы на мірнае залагоджванне канфлікту выказалі суседняя з Венесуэлай і Гаянай Бразілія, а таксама Злучаныя штаты Амерыкі.
Ян Федаровіч, «Белсат»