З'явілася новае расследаванне праекту «Бюро Медыя»


Крым і Данбас – часова акупаваныя Расеяй украінскія землі. Заходнія інвестары ў гэтыя рэгіёны не ідуць, а вось беларускія прадпрымальнікі – так. Паводле новага расследавання праекту «Бюро Медыя», там працуюць прынамсі шэсцьдзесят кампаніяў з беларускім капіталам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэтыя прадпрыемствы займаюцца рознай дзейнасцю, ад гандлю да будаўніцтва, турызму і гэтак далей. Шмат якія былі заснаваныя пасля 2014 года, калі быў анексаваны Крым і распачалася вайна на Данбасе. Мы з некаторым гэтымі людзьмі размаўлялі, і бачна, што яны сябе там добра пачуваюць, асабліва не хвалююцца», – кажа журналіст-расследавальнік праекту «Бюро Медыя» Алесь Ярашэвіч.

Да прыкладу, нарадзінец Пінску Віктар Крэйдзіч – намеснік старшыні Беларускай федэрацыі барацьбы і адзін з гаспадароў санаторыю «Карал» у Еўпаторыі. Журналісты выявілі, што Украіна давала яму прытулак, калі ў Беларусі яго пераследавалі за хабарніцтва. Цяпер ён актыўна працуе супраць Украіны.

«Я не лічу ўкраінскую ўладу на гэты момант нейкай правамоцнай. Не лічу, што там увогуле якая-кольвек улада ёсць цяпер ва Украіне», – так пра Украіну адазваўся іншы фігурант расследавання – 49-гадовы Уладзімір Унукаў.

У 2015-м прадпрымальніка затрымалі ў Беларусі з вялікім абʼёмам наркотыкаў. Пасля вызвалення з калоніі ён пераехаў у Маскву, а потым паехаў аднаўляць разбураны расейцамі Марыупаль.

«Для Расеі катэгарычна важна, каб для мясцовых жыхароў ствараць карцінку нейкую, што ў іх інвестыцыйна прывабны рэгіён. Хто туды заходзіць з інвестыцыямі? Заходзяць, вядома, расейцы, яны будуюць іпатэку, яшчэ штосьці, заходзяць кадыраўцы з інвестыцыямі ў калякрымінальны і крымінальны бізнес, і ў тым ліку заходзяць беларусы», – тлумачыць былы прэзідэнт Марыупальскага тэлебачання Мікола Асычэнка.

Ілюстрацыйнае фота.
Крыніца: pixabay.com

Паводле ўкраінскага заканадаўства, за вядзенне гаспадарчай дзейнасці ва ўзаемадзеянні з краінай-агрэсарам прадугледжаная крымінальная адказнасць. Пакаранне – да пяці гадоў пазбаўлення волі.

«Заход туды беларускіх кампаніяў ёсць, як бы там ні было, парушэннем законаў. Заходзяць кампаніі на нашую тэрыторыю, міжнародна прызнаную нашай, і плацяць падаткі дзяржаве-акупанту. Гэта няправільна, незаконна, таму вядуцца расследаванні», – адзначае Мікола Асычэнка.

Цяпер ва ўкраінскім санкцыйным спісе больш як 200 фізічных і юрыдычных асобаў з Беларусі. Але сярод іх няма ніводнай з кампаніяў, знойдзеных расследавальнікамі.

«Мы рабілі гэтае расследаванне сумесна з нашымі калегамі з праекту “Схемы” ўкраінскай службы радыё “Свабода”. Яны хутка таксама апублікуюць гэтую гісторыю, і мы спадзяемся, што будзе рэакцыя з боку ўкраінскіх чыноўнікаў», – кажа Алесь Ярашэвіч.

Цалкам расследаванне можна прачытаць на старонцы buromedia.io.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»