У Менску прайшоў парад да Дня Незалежнасці – першы за апошнія чатыры гады


«Свята са слязьмі на вачах» сёння адзначаюць у Беларусі. Маштабнае святкаванне Дня Незалежнасці краіны адбываецца на фоне раптоўнага правярання боегатовасці войска на мяжы з Украінай. Чым ёсць сёлетні парад – аўтарскім шоу Лукашэнкі ці дэманстрацыяй баяздольнасці?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Амаль шэсць тысячаў удзельнікаў і больш за трыста адзінак тэхнікі. Сёлетні парад у Менску да гэтак званага Дня Незалежнасці рэжым правёў з небывалым маштабам. На ўрачыстасці не пашкадавалі рэсурсаў – толькі ў сталіцы выдаткавалі мінімум 287 тысяч долараў. І гэта без уліку выхаду вайскоўцаў і тэхнікі.

«Гэта ўжо даўно не пра свята, даўно не пра падзею. Гэта проста шоу для Лукашэнкі. Вы бачылі гэты цягнік метро на платформе», – адзначае адзін са стваральнікаў Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка.

Але ўсё ж галоўны акцэнт арганізатары параду рабілі не на цывільнай тэхніцы. Гэтак, беларусам прадэманстравалі комплексы «Іскандэр-М», на борце якіх заўважылі ярка-жоўтыя налепкі – знакі радыяцыйнай небяспекі. Таксама ўпершыню паказалі айчынную распрацоўку – ударныя беспілотнікі «Герань», якія вонкава нагадваюць іранскія дроны «Шагэд». Імі Расея атакуе Украіну.

Маштабнасці відовішча сёлета дасягнулі і павелічэннем парадных разлікаў у паўтара разу – да пяці тысяч вайскоўцаў і сілавікоў. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што ў парадзе задзейнічалі толькі пяць адсоткаў Узброеных сілаў Беларусі, маўляў, рэшта вайскоўцаў не пакідала баявых пастоў.

«Нашае войска ў жабрацкім стане, жудасным, калі параўнаць матэрыяльнае забеспячэнне лукашэнкаўскага войска і заходніх краінаў. Гэта проста баль у час чумы», – дадае Кедышка.

Акрамя беларусаў і найбліжэйшых саюзнікаў, расейцаў, у шэсці ўдзельнічалі вайскоўцы з Азербайджану, Кітаю, Казахстану, Таджыкістану і Узбекістану. Выключэннем была Арменія. Раней прэм’ер-міністр гэтай краіны Нікол Пашыньян заявіў, што не прыедзе ў Беларусь, пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе.

«Запрасілі тых, каго могуць запрасіць і хто можа прыехаць… На фоне размоваў пра крызіс супрацы АДКБ і іншых інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы – на гэтым фоне прадэманстраваць праявы такога адзінства», – кажа палітычны аналітык Андрэй Казакевіч.

Парад на афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2024 года.
Скрыншот: АТН / Youtube

І, згодна з традыцыяй, калектыўна абʼяднацца супраць «агрэсіўнага» Захаду. У сваёй прамове Лукашэнка заявіў, што для Беларусі насталі складаныя часы, у чым вінаватыя Еўразвяз і Злучаныя Штаты Амерыкі. А ён нібыта супрацьстаіць вонкавай пагрозе і працуе на апярэджанне.

«Роля Лукашэнкі – гэта справакаваць канфлікт на мяжы, каб развязаць поўнамаштабную вайну супраць NATO, супраць Захаду. Думаю, Украіна толькі частка гэтага плану», – мяркуе публіцыст, палітык Сяргей Навумчык.

Пры гэтым дыктатар не сумняецца ў гатовасці беларусаў узяцца за зброю.

«Тысячы званкоў у ваенкаматы і часткі падраздзяленняў, нашым вайсковым, генералам – вазьміце нас у армію», – заявіў Лукашэнка.

«Нейкая колькасць добраахвотнікаў сапраўды магла звяртацца, у любым грамадстве ёсць ідыёты. Але ў цэлым словы Лукашэнкі – гэта псіхалагічная падрыхтоўка грамадства да таго, што Беларусь можа ўступіць у вайну, каб беларусы прызвычаіліся жыць у ваенным напружанні, каб яно зрабілася для іх нормай», – дадае Навумчык.

Але ці гатовая беларуская армія да вядзення вайны? Ад 2022-га года не спыняюцца сумесныя з Расеяй вучэнні. А найміты з ПВК Вагнэра ўзялі пад свой патранаж больш за паўтары тысячы беларускіх вайскоўцаў.

«Беларуская армія павысіла свой баявы патэнцыял, але ўсё роўна застаецца арміяй мірнага часу, у якой няма вопыту баявых дзеянняў. Таму любая армія з досведам баявых дзеянняў беларускую армію вельмі хутка разматае – прынамсі на першым этапе», – заявіў былы афіцэр беларускай арміі Васіль Верамейчык.

Урачыстасці да Дня Незалежнасці адбываюцца на фоне ўзмацнення ваеннай рыторыкі з боку рэжыму. Напярэдадні Лукашэнка заявіў аб прывядзенні ў высокую баявую гатовасць расейска-беларускіх войскаў на мяжы з Украінай і вывядзенне на пазіцыі ракетных сістэмаў «Іскандэр».

Наста Печанькова, «Белсат»