«Дыверсанта» на святара: Лукашэнка раскрыў акалічнасці абмену палоннымі з Украінаю


На яго быў план-перахоп, на яго палявала ўсё лукашэнкаўскае КДБ, а прапагандысты зрабілі цэлы блокбастар пра шпіёна. А потым, як кажа Лукашэнка, проста абмянялі дыверсанта на святара. На просьбу Пуціна. Гаворка пра грамадзяніна Украіны Мікалая Швяца, нібыта датычнага да леташняй атакі на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах. Раней гаворка ішла пра тое, што да абмену датычны Ватыкан.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асабістая просьба Пуціна». Лукашэнка не ўтрымаўся і раскрыў падрабязнасці нядаўняй перадачы палонных Украіне. У тым ліку Мікалая Швяца – галоўнага фігуранта ў справе аб дыверсіі ў Мачулішчах, калі быў пашкоджаны расейскі самалёт А-50.

«Я Пуціну кажу: ну што будзем рабіць? Вашае рашэнне. У выніку гэтага чалавека мы аддалі ва Украіну, а яны нам аддалі святара», – распавёў Лукашэнка.

Гаворка вядзецца пра мітрапаліта Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Іянафана, якога летась асудзілі на 5 гадоў калоніі за падтрыманне расейскай агрэсіі ва Украіне. 18 чэрвеня адбыўся разгляд апеляцыі, прысуд пакінулі ў сіле. Аднак 23 чэрвеня прарасейскага святара заўважылі на службе ў менскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Высветлілася, што напярэдадні яго вызвалілі з-пад арышту. Нібыта пра перамовы наконт абмену хадайнічаў патрыярх Кірыла.

«Іянафан адносіцца да людзей, што называецца, адыёзных, бо паспеў засвяціцца паўсюль і ўсім здрадзіць. Там канкрэтная праца на Расею. Ён быў з тых “ждуноў”, што, калі б заставаўся ва Украіне, ягоныя паказанні маглі б моцна раскруціцца і пагражаць іншым архірэям», – кажа рэлігійная аглядальніца з Украіны Таццяна Дзяргач.

Пра тое, што між Менскам і Кіевам адбыўся ўзаемны абмен, упершыню заявіў Уладзімір Зяленскі. Паводле яго, у канцы чэрвеня Украіне ўдалося вярнуць з палону 10 сваіх грамадзянаў. Чатыры з іх – Людміла Ганчарэнка, Павел Купрыенка, Кацярына Бруханава і Наталля Захаранка – былі асуджаныя за агентурную дзейнасць у Беларусі. А таксама Мікалай Швец, якога жорстка затрымалі сілавікі як выканаўцу атакі ў Мачулішчах.

Падазраваны ў выкананні тэракта ў Мачулішчах Мікалай Швец падчас допыту. Скрыншот відэа АНТ
https: //www.youtube.com/watch?v=ZbIOEvvGL_A

«Падчас вайны Лукашэнка не спрачаецца з Пуціным. Зараз быў патрэбны прамежкавы закладнік з трэцяй краіны(бо адная справа, калі Расея і Украіна мяняюць ваеннапалонных, – тут адно, а гэта не ваеннапалонныя, гэта складаней), вось скарысталі Лукашэнку і закладніка, якога ён меў», – разважае каардынатар «Нашае візіі» Вадзім Мажэйка.

Тым болей, што выгады ад Швяца як закладніка Лукашэнка ўжо не мае. Дзяржаўная прапаганда напоўніцу скарысталася ягоным затрыманнем, стварыўшы ўражанне імгненнай рэакцыі сілавікоў на дыверсію. А з іншага боку, Лукашэнку падвярнулася добрая магчымасць чарговы раз прадэманстраваць сябе ў ролі міратворца і выслужыцца перад Пуціным.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»