Інклюзіўная пякарня ў Кіеве сталася шанцам для асобаў з ментальнай інваліднасцю на звычайнае жыццё.
Цяпер, падчас вайны, яна дае шанец выжыць яшчэ і тым, хто застаўся без сродкаў для існавання. Працаўнікі пякарні і валанцёры працуюць штодзень і адпраўляюць хлеб у розныя пункты Кіева ды вобласці. Бясплатна.
«Гэта такі марафон, канца якому няма, дакладней, ты не ведаеш, калі гэта скончыцца. Ты пачаў бегчы і складана спыніцца… Складана. Баліць спіна, баляць рукі…», – дзеліцца перажываннямі ўладальнік інклюзіўнай пякарні ў Кіеве. І працягвае:
«Мы ведалі, што будзе вайна, мы разумелі, што яна ў любым выпадку будзе. Мы дамовіліся з усёю камандаю, што будзем пячы хлеб, бо вайна – гэта заўсёды гуманітарная катастрофа».
Аляксандр прыйшоў працаваць у пякарню «Good bread for good people» 3 гады таму. 12 гадоў да гэтага ён быў пацыентам псіханеўралагічнага інтэрнату. Гаворыць, што выбрацца адтуль практычна немагчыма. Дапамог Уладзіслаў – уладальнік інклюзіўнай пякарні: прапанаваў працу і шанц на звычайнае жыццё. Аляксандр працуе тут. Начуе таксама тут. Тут жа, паводле ягоных словаў, усе ягоныя родныя і блізкія.
З 28 працаўнікоў пякарні 20 – з ментальнай інваліднасцю: аўтызмам, сіндромам Даўна, разумовай адсталасцю. Так было да вайны. Цяпер у пякарні працуе яшчэ і шмат валанцёраў: хто не захацеў пакідаць Кіева, але не можа сядзець без справы. Наталля прыйшла валанцёрыць разам з сяброўкаю. Кажа, не змагла кінуць роднага гораду.
«Столькі гора. Хочацца даць людзям нейкую цеплыню, нават праз хлеб», – тлумачыць свой удзел у працы пякарні Наталля.
Кожны дзень валанцёры ды працаўнікі на месцы выпякаюць 600–700 боханаў хлеба. Далей яго развозяць у ЗСУ, атрады Тэрытарыяльнай абароны, бамбасховішчы, метро.
Уладзіслаў, уладальнік пякарні, дадае: «Калі мы ездзім у вёскі, шмат хто проста плача, бо гэты хлеб, хаця б учорашні: ежы няма зусім».
Нехта прыязджае па хлеб самастойна. У гэтай скрыні – хлеб і кексы для кіеўскай паліцыі.
«Штодня атрымліваем дапамогу ад людзей, ад прадпрыемстваў, за што вельмі ўдзячныя», – гаворыць Вікторыя, прадстаўніца паліцыі.
Працаўнікі пякарні настроеныя пячы ды раздаваць хлеб бясплатна і далей. Нават пасля заканчэння вайны.
Дзяніс Дудзінскі, Алесь Баразенка, Ніка Несцярэнка, «Белсат»