Беларусь рыхтуецца да вайны супраць Украіны?


У Берасцейскай і Гомельскай вобласцях могуць з’явіцца вайсковыя блокпасты. На іх будуць правяраць аўтамабілі і кіроўцаў. Пра гэта паведамляе Гомельскі абласны выканкам. Зʼяўленне блокпастоў – нібы частка вучэнняў сілаў спецыяльных аперацыяў разам з ракетнымі войскамі і артылерыяй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Праходзім участак мяжы, дзе магчымыя прарывы ​​яе. Кожны дзень паступаюць новыя ўступныя. У розных умовах. Кантакт пры яздзе ў калоне, мы спяшаемся і адбіваем напад. Баявую падрыхтоўку ацэньваю на 5 балаў. Гатовыя для выканання любых задачаў», – кажа камандзір узводу сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі.

У Міністэрстве абароны Беларусі правядзенне гэтых вучэнняў патлумачылі небяспекаю, што нібыта сыходзіць ад Украіны.

«Мы бачым перамяшчэнне войскаў, перыядычныя палёты беспілотнікаў тыпу Bayraktar паблізу ад дзяржаўнай мяжы і ацэнку нашых магчымасцяў, як мы будзем рэагаваць на тое, што яны зʼяўляюцца», – кажа кіраўнік Генштабу Беларусі Павел Муравейка.

Непакоіць Паўла Муравейку і ўкраінскі спецназ з 1-й прэзідэнцкай брыгады ЗСУ. Паводле лукашэнкаўскага чыноўніка, байцы гэтага спецпадраздзялення прыехалі ў горад Оўруч, што на мяжы з Беларуссю. У адказ камандаванне беларускай арміі высунула на баявыя рубяжы цяжкую артылерыю і сістэмы залпавага агню «Паланэз».

«У адпаведнасці са складаным становішчам паблізу дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь і пастаўленай задачай дывізіён выйшаў у назначаны раён. З поўным боекамплектам. Заступіў на баявое дзяжурства па назначаных абʼектах, гатовы выканаць задачы па нанясенні ракетных удараў на далёкасць да 300 кіламетраў на працягу 20 хвілінаў», – кажа камандзір дывізіёну РСЗА «Паланэз» УС РБ.

Павел Муравейка.
Фота: minpolit.com

Паводле вайсковага эксперта і былога супрацоўніка Службы бяспекі Украіны Івана Ступака, дзеянні беларускай арміі і заявы спадара Муравейкі – гэта спецаперацыя Масквы:

«Нібыта Украіна сцягвае свае войскі, у адказ на гэта Беларусь сцягвае свае войскі. І ў адказ на тое, што Беларусь сцягнула, украінскі Генштаб у рэчаіснасці таксама вымушаны будзе адрэагаваць, забраўшы зноў нейкія свае рэзервы з Усходу, з Поўдня, з Поўначы і кінуўшы іх на вось гэтую 1000 кіламетровую мяжу. Таму я гэта больш расцэньваю як правакацыю».

І ўжо сёння афіцыйны тэлеграм-канал Аператыўнага камандавання ЗСУ «Захад» выклаў паведамленне з відэа, у якім гаворыцца, што мяжа з Беларуссю пад поўным кантролем. Адметна, што ўся вайсковая тэхніка на відэазапісе пазначаная новым тактычным сімвалам – белым трыкутнікам.

Сцягванне ўкраінскіх войскаў да мяжы з Беларуссю пракаментавалі і ў Крамлі.

«Гэта прычына для турботы не толькі Менску, але і Масквы. Бо мы сапраўды саюзнікі і партнёры», – заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Як адзначыў кіраўнік праграмы бяспекі Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Паўло Лакійчук, такімі дзеяннямі Пуцін спрабуе ўцягнуць беларускае войска ў сапраўдную вайну:

«Адна справа збіраць чмобікаў па бураціям, башкірыям. Іх потым рыхтаваць, узбройваць, абуваць, адпраўляць на ўкраінскую тэрыторыю ваяваць. А ў Беларусі, якую фактычна анэксавала Расея, ёсць падрыхтаваныя, апранутыя, абутыя, узброеныя салдаты».

Што ж тычыцца інтэрвʼю Паўла Муравейкі беларускім прапагандыстам, прагучалі там папрокі і ў бок Варшавы. Маўляў, міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу стварыла Польшча, каб атрымаць субсідыі ад Еўразвязу. Між тым яшчэ на пачатку міграцыйнага крызісу, у 2021-м, журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны выправіўся ў Ірак, каб наўпрост даведацца гісторыі ахвяраў гібрыднай агрэсіі.

«Муравейка, як і Лукашэнка, можа казаць усё што заўгодна. Але цудоўна ўсім зразумела тое, што адбываецца насамрэч. І калі я быў у Іраку, то гэта таксама было відавочна. Калі я бачыў на ўласныя вочы беларускія візы, уклееныя ў пашпарты, якія проста прадаваліся за грошы ў лукашэнкаўскіх амбасадах. Таксама квіткі на самалёты “Белавіі”, якія выдаваліся і прадаваліся за велічэзныя грошы», – кажа Сяргей Падсасонны.

У інтэрвʼю Муравейкі не абышлося і без традыцыйных ядравых пагрозаў усім ворагам Лукашэнкі. Генерал-маёр запэўніў, што Беларусь застасуе тактычную ядравую зброю супраць усіх, хто пасягне на незалежнасць і тэрытарыяльную цэласць краіны. Цяпер словы чыноўніка актыўна тыражуюць лукашэнкаўскія прапагандысты.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»