«Гэта не нешта незвычайнае». Новыя залежы нафты адкрылі ў Гомельскай вобласці


Улады Беларусі заявілі, што новае радовішча нафты знойдзена ў Гомельскай вобласці.

«Дзевяць мільёнаў тон мы здабывалі нафты, сёння здабываем два. Нафтавы газ і іншае. У чым справа? Мне тлумачаць: выпампавалі ўсё. Я ў гэта не веру», – гэтак у сакавіку Аляксандр Лукашэнка абураўся аб’ёмамі здабычы нафты ў Беларусі. Падчас паседжання, прысвечанага стану мінеральна-сыравіннай базы краіны, ён загадаў шукаць новыя радовішчы. Учора ж новапрызначаны міністр прыродных рэсурсаў Сяргей Масляк рапартаваў, як выконваецца даручэнне. Паклады вуглевадароду адкрылі ў Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласці.

Чыноўнік падкрэсліў: «Гэта праца не аднаго дня. Каб трымаць у руках ёмістасць з «беларускім золатам», быў праведзены вялікі комплекс геолагавыведных працаў. Гэта праца вялікага калектыву цягам 3–5 гадоў. Сёння асноўныя месцы залягання нафты – у Гомельскай вобласці, 98 % нафты здабываецца менавіта тут».

Радовішча было знойдзенае на глыбіні, большай за 4 тысячы метраў. Паводле папярэдніх дадзеных, рэсурс новага нафтавага пункту ацэньваюць на 152 тысячы тон.

«Насамрэч гэта ніякая не рэкордная свідравіна. Гэта не нешта незвычайнае. Гэта свідравіна, якую б у краінах Блізкага Усходу ці нават у Расейскай Федэрацыі лічылі б беднай. Лічылі б не вартай наогул аніякай увагі», – кажа Генадзь Рабцаў, прафесар ЕГУ, эксперт у пытаннях энергетыкі.

Распрацоўваннем радовішча зоймецца «Беларуснафта». Толькі за содні з новай свідравіны плануюць выпампоўваць шэсцьсот літраў нафты.

Але гэты паказнік не надта наблізіць айчынных нафтавікоў да здабычы планавых пяці мільёнаў тонаў, як загадаў Лукашэнка. Для параўнання, цяпер Беларусь здабывае штогод каля двух мільёнаў тон сырой нафты.

«Загад Лукашэнкі павялічыць здабычу беларускай нафты звязаны з патрэбамі Расеі ў вайне супраць Украіны. Украінцы інтэнсіўна атакуюць як нафтаперапрацоўчыя заводы ў Расеі, так і запасы паліва. Гэта значыць, што ў Расеі з’яўляюцца праблемы з палівам – і тут на дапамогу прыйшоў Лукашэнка», – зазначае Сяргей Пеляса, аўтар праграмы «ПраСвет» на Белсаце, палітычны аглядальнік.

Сёння на тэрыторыі краіны адкрыта 96 радовішчаў нафты, але распрацоўваецца толькі 36 з іх. Сяргей Пеляса дадае: «Нафта ў Беларусі ёсць, але яе здабываць не выгадна. Здабыча дарагая: нафта далёка, глыбока, размешчаная не ў адным вялікім рэзервуары».

Беларускія геолагі шукаюць новыя, даступнейшыя крыніцы чорнага золата, у зоне Прыпяцкага прагіну. Геолагавыведныя працы аднавіліся тут нядаўна – пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС зона была забруджаная радыеактыўнымі ападкамі.

«Існуюць у Беларусі дастаткова жорсткія прыродаахоўныя законы, нормы і правілы. Калі іх усіх выконваць, у тым ліку і пры распрацоўцы радовішчаў, то ніякай пагрозы навакольнаму асяроддзю, жыццю і здароўю беларусаў чакаць не даводзіцца», – зазначае Генадзь Рабцаў, прафесар ЕГУ, эксперт у пытаннях энергетыкі.

Нягледзячы на наяўнасць нафтавых радовішчаў, сённяшнія тэмпы здабычы дазваляюць закрыць толькі пятнаццаць адсоткаў патрэбаў Беларусі. Нашыя эксперты кажуць: каб здабываць больш без урону для навакольнага асяроддзя, краіне трэба ўкласціся ў тэхналогіі, але дзе ўзяць на гэта грошы – не вядома.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»