Прыборка тэрыторыі, маляванне плотаў і пасадка дрэваў… цэнтралізавана і штогод. Рэспубліканскі суботнік сабраў Br 15,8 млн рублёў, якія роўна размяркуюць паміж мемарыяльным комплексам «Дзецям – ахвярам вайны» і новым рэспубліканскім цэнтрам патрыятычнага выхавання моладзі – на Берасцейшчыне.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Прапаганда хваліцца: сёлета выручылі на 13,1 % больш сродкаў.
«Трэба разумець, што ў гэтыя 13 % укладаецца інфляцыя. Мы тут кажам не пра афіцыйныя лічбы, а пра намінальныя. Канешне, мы не ведаем структуры, што ўлічвалася ў гэтым суботніку, якія там паказнікі браліся, так», – кажа экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.
Якія кошты на тавары і паслугі ўлічвае Нацыянальны статыстычны камітэт – не ведаем. Але гісторыя прыбыткаў суботніку расце. І не заўжды адпаведна рэальнай інфляцыі. А лічба ўдзельнікаў – штогод тая самая (да 2,4 млн. чал). Ідуць на бясплатную працу бюджэтнікі і не заўжды так ахвоча, як выглядае ў справаздачах і гучыць з вуснаў самага зацятага працаўніка:
«Мы нікога не змушаем. Гэта добраахвотна».
Прыклад добраахвотнага збору сродкаў – у тэлефоннай размове чыноўніцы Міністэрства аховы здароўя Менскай вобласці Наталлі Баярскай і Аляксандры Варыводскай – галоўнай лекаркі Менскага аблцэнтру хуткай медычнай дапамогі:
НБ: Аляксандра Аляксандраўна, а хто гэта ў цябе прыдумаў збіраць наяўныя грошы на суботнік?
АВ: А як нам было сабраць на суботнік грошы?
НБ: Звычайна. Заява аб тым, што ўтрымаць з заработнай платы. Як гэта робіцца ва ўсім сучасным свеце!
АВ: Тэрмін быў адзін дзень, Наталля Іларыёнаўна. Як нам з усіх было сабраць заявы?
Як чуем, працаўнікі не самі з заявамі прыбеглі. І сумняемся, што адлічэнні на суботнік з заробкаў – практыка ўсяго сучаснага свету. Хутчэй – традыцыя краінаў СНД, за якую наймацней трымаецца беларускі рэжым.
«А калі мы кажам, напрыклад, пра Еўропу, пра Злучаныя Штаты Амерыкі, такога паняцця там, канешне, няма. У гэтых дзяржавах альтэрнатыва суботнікам – гэта хутчэй валанцёрства. Але гэта добраахвотнае волевыяўленне канкрэтных людзей і канкрэтных кампаніяў», – заўважыла Настасся Лузгіна.
Суботнік для шараговых беларусаў выглядае інакш, чым для менскіх чыноўнікаў. Напрыклад, у горадзе Чэрвень і гарадскім пасёлку Смілавічы настаўнікі і выхавальнікі дзіцячых садоў збіралі камяні. Дыктатар не зразумеў крытыкі з боку Тэлеграм каналу «Беларусь за МКАДом».
«Не тое што ў твае, у мае часы была тэхніка для сбору камянеў. Але трэба грошы лічыць часамі», – адказаў Лукашэнка.
Бясспрэчна, бясплатная ручная праца – самая эканамічна выгадная. Хто не хоча працаваць у вольны дзень – можа падаць прычыну адмовы ў пісьмовым выглядзе.
«З працы не звальняюць, гэта не лічыцца прагулам, але гэта лічыцца адным з паказнікаў нелаяльнасці – альбо плітчнай альбо проста іерархічнай», – кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.
Таму на суботнікі выходзяць у той самай колькасці асобы, якія трымаюцца за свае месцы ў дзяржаўных арганізацыях.
Юлія Цяльпук, «Белсат»