Вайсковыя базы ЗША ў Еўропе прывялі ў стан павышанай баявой гатовасці


Прычына: іх разглядаюць як магчымую цэль дыверсіі з боку «суб’ектаў, якіх падтрымлівае Расея».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: AFP

Са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з пытаннем, CNN паведамляе, што такія дзеянні абумоўленыя пагрозаю дыверсіяў супраць вайсковага кантынгенту ЗША. Звесткі выведкі за апошнія два тыдні былі трактаваныя як «даволі трывожныя», таму была прынятая пастанова аб увядзенні дадатковых пратаколаў бяспекі.

Як паведаміў CNN прадстаўнік Еўрапейскага камандавання ЗША Дэн Дэй, «павышэнне пільнасці звязанае не з адной пагрозай, а са спалучэннем фактараў, якія патэнцыйна ўплываюць на бяспеку Узброеных сілаў ЗША на еўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў».

Гэта ўжо не першае «павышэнне пільнасці» з пачатку гэтага года. Напрыклад, у чэрвені на некалькіх вайсковых базах ЗША ў Еўропе ступень гатовасці ўжо павышалі да ўзроўню абароны «Чарлі». Звычайна яго ўводзяць, калі здараецца які-небудзь інцыдэнт або зʼяўляюцца звесткі выведкі, якія сведчаць пра імавернасць тэрарыстычных дзеянняў або нацэльвання на персанал або абʼекты. Апошнім разам такое здаралася 10 гадоў таму.

Нагадаем, раней Пуцін паабяцаў Захаду сіметрычны адказ на перадачу ўзбраення Украіне.

«Мы думаем на тэму таго, што калі хтосьці лічыць магчымым перадаваць такую зброю ў зону баявых дзеянняў для нанясення ўдараў па нашай тэрыторыі і стварэння праблемаў для нас, то чаму ў нас няма права перадаваць нашую зброю такога ж класу ў тыя рэгіёны свету, дзе будуць наносіцца ўдары па адчувальных аб’ектах тых краінаў, якія робяць гэта ў адносінах да Расеі. Гэта значыць, адказ можа быць сіметрычным. Мы над гэтым падумаем», – працытавала тады Пуціна ягоная прэс-служба.

Надзея Вольная / belsat.eu

Стужка навінаў