Сацыёлаг: Большасць беларусаў ужо «не купляе» сацыяльны кантракт, які «прадае» Лукашэнка


30 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка пачынаў свой прэзідэнцкі шлях як малады, энергічны, «народны» прэзідэнт. Доўгі час яму ўдавалася трымацца на гэтым іміджы. Але за 30 гадоў беларускае грамадства змянілася, у сувязі з чым узнікае пытанне: ці актуальным застаецца такі ягоны імідж на сённяшні дзень? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з незалежным сацыёлагам Канстанцінам Несцяровічам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: gordonua.com

Узровень патэрналізму падае

Што да зменаў у беларускім грамадстве, адзначае Канстанцін Несцяровіч, то адным з ключавых трэндаў, які адзначаюць сацыёлагі, з’яўляецца зніжэнне ўзроўню дзяржаўнага патэрналізму. То бок у грамадстве знізіўся запыт на клопат з боку дзяржавы.

«Напрыклад, у сярэдзіне дзевяностых да 70 адсоткаў беларусаў лічылі, што дзяржава павінна клапаціцца пра іхны дабрабыт. Але ў 2018 годзе такіх было ўжо менш за 40 адсоткаў», – адзначае сацыёлаг.

Канстанцін Несцяровіч звярнуў увагу на тое, што, згодна з даследаваннямі «Chatham House», у беларускім грамадстве ўжо больш за 50 адсоткаў людзей не прымаюць стары сацыяльны кантракт, які прапаноўваў Лукашэнка: дабрабыт, стабільнасць узамен на адсутнасць грамадзянскіх свабодаў, магчымасці асабістай ініцыятывы і г.д.

«Гэты сацыяльны кантракт людзі ўжо «не купляюць», такія ўмовы большасці ўжо не падабаюцца», – кажа суразмоўца «Белсату».

Змянілася і сама палітыка Лукашэнкі. Так, у нулявыя гады было адменена шмат ільготаў, адбыўся пераход на кантрактную сістэму. То бок дзяржава, кажа Несцяровіч, паступова сама адмовілася ад шматлікіх сацыяльных функцыяў, і сёння яе ўжо складана назваць сацыяльнай.

За 30 гадоў, гаворыць суразмоўца «Белсату», у Беларусі ўзнік сегмент людзей з яскрава выражанымі дэмакратычнымі каштоўнасцямі – такімі як свабода, правы чалавека і г.д. Няхай іх пакуль не вельмі шмат, паводле розных ацэнак, каля 20–30 адсоткаў, але гэта тыя людзі, якіх Лукашэнка ўжо ніколі не зможа перацягнуць на свой бок, таму што тут назіраецца каштоўнасная, ідэйная супярэчнасць.

Козыр Лукашэнкі

«У той жа час у Лукашэнкі ёсць адзін козыр, які, я думаю, ён выкарыстоўвае і які дапаможа яму прыцягнуць на свой бок нейкую частку тых, хто вагаецца. Гэта, канечне, рыторыка бяспекі. Таму што людзі, якія не вельмі цікавяцца палітыкай, глядзяць на тое, што адбываецца ў свеце, на рост канфліктаў і тое, што прама за нашай мяжой адбываецца жахлівая вайна, і яны напужаныя. І вось тое, што Лукашэнка не ўцягвае беларусаў у вайну і заўсёды падкрэслівае, што з’яўляецца гарантам міру, што пры ім Беларусь ніколі не будзе ваяваць, – гэта прымушае шмат якіх беларусаў змірыцца з усімі астатнімі мінусамі», – адзначае суразмоўца.

Акрамя таго, кажа Несцяровіч, нядаўнія даследаванні сацыяльнага кантракту паказваюць, што ўсё яшчэ існуе частка беларусаў, задаволеных тым, што нейкія драбніцы сацыяльнай дзяржавы застаюцца. Напрыклад, часткова бясплатная адукацыя, часткова бясплатная медыцына. Гэта важна для многіх людзей, таму што ў цэлым узровень жыцця ў краіне даволі нізкі. Адпаведна, калі людзі не багатыя, то нават такія бенефіты з боку дзяржавы ўспрымаюцца як вельмі важныя, як істотная падтрымка.

У дадатак можна сказаць, што акрамя страху вайны Лукашэнка паспяхова прадае бачнасць адсутнасці карупцыі ў Беларусі і адносна нізкую злачыннасць.

«Няма разгулу крыміналу, прынамсі бачнай некантраляванай карупцыі, ёсць адчуванне, што ў Беларусі ўсё-такі нейкі парадак, бяспека, няма вайны. Гэта тое, што Лукашэнка можа «прадаваць», але гэта «не купіць» большасць насельніцтва», – кажа Канстанцін Несцяровіч.

Разбор
Як Лукашэнка будуе культ асобы і падстройвае ўсю краіну пад сябе
2024.07.08 09:35

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў