Беларуская мытня: Польшча перастала ўпускаць грузавы транспарт з Беларусі


Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў, што ад 3:00 10 ліпеня Польшча перастала прымаць грузавыя транспартныя сродкі, якія едуць з Беларусі праз пераход «Казловічы – Кукурыкі» – адзіны грузавы пункт пропуску на мяжы з Польшчай. Польскі бок пра гэта не паведамляў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга цяжкавікоў у бок Беларусі на пераходзе «Кукурыкі (Карошчын) – Казловічы». Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Паводле беларускіх мытнікаў, Польшча не пускае цяжкавікоў з Беларусі, але паволі выпускае з Польшчы ў Беларусь. Кантроль узмацнілі. З якіх прычынаў і на які час спынілі пропуск, невядома. Польскія дзяржаўныя органы і польскія медыі наогул не паведамляюць аб спыненні пропуску.

Абноўлена. Прэс-сакратарка шэфа Нацыянальнай скарбовай адміністрацыі Юстына Пасячыньска расказала «Белсату», што мытнае афармленне на пераходзе не спынялі, але яно запаволілася праз пашырэнне санкцыяў.

Беларускія памежнікі звяртаюць увагу на ўзнікненне чэргаў у «Казловічах». Калі верыць сайту Дзяржаўнага памежнага камітэту, чарга цяжкавікоў перад Казловічамі з’явілася яшчэ а 8-й раніцы 9 ліпеня і расла цягам дня, на ранак 10 ліпеня дасягнула 600 цяжкавікоў.

4 ліпеня беларусы на польскай мяжы сутыкнуліся з тым, што са шмат якімі таварамі мытнікі не прапускаюць у Беларусь, спасылаючыся на новую пастанову, якая закранае і фізічных асобаў. Сярод іншага, на тэрыторыю Польшчы забаронена правозіць алкаголь і цыгарэты, а мінаць мяжу на аўтамабілі можна толькі разам з уласнікам аўта, даверанасці дзеяць не будуць.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас візіту ў Кітай у канцы чэрвеня абмяркоўваў з кіраўніцтвам КНР у тым ліку міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы і тое, што гэты крызіс можа перашкодзіць польска-кітайскім чыгуначным зносінам у межах ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях».

Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заяўляў пра магчымасць закрыцця таварных пунктаў пропускаў на мяжы з Беларуссю: Польшча «не выключае ніякіх варыянтаў», а асноўныя патрабаванні – выхад на волю палітвязня Анджэя Пачобута і спыненне штучна створанага міграцыйнага крызісу. Апрача таго, і міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк казаў пра мяжу: «усё цяпер на стале», магчымыя любыя варыянты.

На тле гэтых выказванняў мігранты пачалі часцей ісці з Беларусі ў Латвію замест Польшчы.

Аналітыка
Асцярожна, межы закрываюцца. А што, калі Польшча ўсё ж зачыніць пераходы на мяжы з Беларуссю?
2024.06.27 10:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў