Не толькі Нарвегія. Данія і Нідэрланды пры падтрыманні ЗША таксама перадаюць Украіне F-16


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, прэм’ер-міністр Нідэрландаў Дык Схоф і прэмʼер-міністр Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн 10 ліпеня выступілі з супольнай заявай адносна перадачы Украіне самалётаў-знішчальнікаў амерыканскай вытворчасці F-16. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў амбасадзе ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёты «F-16» паветраных сілаў Даніі. Фэрфард, Злучанае Каралеўства. 14 верасня 2019 года.
Фота: Falcon® Photography / Flickr, CC BY-SA 2.0

Згодна з заявай, урады Даніі і Нідэрландаў пры падтрыманні ЗША ўжо перадаюць Украіне F-16 амерыканскай вытворчасці. Чакаецца, што Украіна пачне іх эксплуатаваць ужо гэтым летам.

«Мы ўдзячныя Бельгіі і Нарвегіі за тое, што яны ўзялі на сябе абавязкі надаць дадатковыя самалёты, а таксама іншым членам Кааліцыі патэнцыялу ВПС за іх падтрыманне», – гаворыцца ў заяве.

Палітыкі адзначылі, што імкнуцца да далейшага нарошчвання паветранага патэнцыялу Украіны, які будзе ўключаць у сябе эскадрыллі сучасных шматмэтавых самалётаў чацвёртага пакалення F-16. Кааліцыя мае намер падтрымліваць іх забеспячэнне і ўзбраенне, а таксама далейшае адпаведнае навучанне пілотаў для павышэння аператыўнай эфектыўнасці, каб супрацьстаяць расейскай агрэсіі.

Таксама 10 ліпеня пра перадачу Украіне самалётаў F-16 паведаміў міністр замежных спраў Нарвегіі Эспэн Барт Эйдэ падчас брыфінгу з кіраўніком МЗС Украіны Дзмітрыем Кулебай.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў